Па Вялікаму Бору русалку вадзілі…

Старажытны абрад “Провады русалкі” калісьці заўсёды праводзілі праз тыдзень ад Тройцы, на русальнай альбо, як яе яшчэ называлі ў народзе, “граной нядзелі”.

У сярэдзіне 90-х абрад жыхарамі вёскі быў адроджаны.

Маніторынг, які на працягу 20 гадоў праводзяць установа “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” і ДУК “Хойніцкі раённы дом культуры” (былы метадычны кабінет), штогод пацвярджае яго жыццядзейнасць.

Напярэдадні правядзення абраду вялікаборцы на ролю русалкі штогод выбіраюць маладую незамужнюю дзяўчыну.“Провады русалкі” пачынаюцца да захаду сонца, пасля 18 гадзін. Удзельнікі абраду – мясцовыя жыхары разам з мясцовымі дзецьмі і моладдзю, школьнікамі збіраюцца на паляне, дзе спяваюць песні, плятуць маленькія вяночкі і адзін вялікі. Потым “апранаюць” дзяўчыну “у русалку”. “Вопратка русалкі складаецца з галінак і лісця дрэў. Шэсце на чале з русалкай накіроўваецца да поля. У час провадаў русалкі праз вёску, да поля, жыхары дамоў, якія сустракаюцца на шляху святочнага шэсця, выходзяць на вуліцу, каб прывітаць і прымкнуць да яго. Русалка з аховай – маладымі хлопцамі. Следам за русалкай ідуць пажылыя жанчыны з абрадавымі вянкамі,за імі ўжо ўсе іншыя жыхары аграгарадка з кветкамі і невялікімі вянкамі ў руках. Чутны песні, сярод якіх “Правяду русалачку да бору…”.З песнямі ўдзельнікі абраду даходзяць да поля, на якім запальваюць вялікае вогнішча. Дарослыя жанчыны свае маленькія вяночкі і вялікі абрадавы вянок асвячаюць над вогнішчам. Пасля чаго апошні разрываюцьі раздаюць усім прысутным, каб яны са сваімі маленькімі вяночкамі неслі іх дамоў і раскідалі на градках з гуркамі, капустай, бульбай у сваім агародзе для таго, каб быў добры ўраджай. Такім чынам вялікаборцы хочуць ажыццявіць сваю мару аб дабрабыце.

Удзельнікі абраду праводзяць па традыцыі русалку ў жыта. Там, дзе з яе здымаюць вянок, разрываюць травяную “вопратку” і ўцякаюць. Русалка даганяе іх і ляскае ў далоні. Пасля гэтага ўсе вяртаюцца да вогнішча, вакол якога з песнямі водзяць карагоды, скачуць праз вогнішча.

Вялікаборскі абрад “Провады русалкі” у 2016 годзе атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.