Семінар-практыкум клубных работнікаў

Выязны семінар-практыкум клубных работнікаў адбыўся напрыканцы сакавіка ў аграгарадку Юравічы Калінкавіцкага раёна, што на Гомельшчыне. Удзельнікі семінару наведалі школьны музей. Экскурсію па ім правяла настаўніца гісторыі, экскурсавод Ганна Бусел. Яна расказала аб прыродзе і гісторыі Юравіч, знакамітых земляках - удзельніках Вялікай Айчыннай вайны. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў музея выклікалі сапраўдныя касцяныя рэшткі маманта. Яны насялялі ў старажытныя часы гэтую тэрыторыю. Тут таксама можна было пабачыць прыналежнасці нашых продкаў - адзенне, колішнія рушнікі, торбы, прадметы мэблі, самавары, гарлачыкі і іншыя рэчы.

Юравічы з’яўляюцца сапраўднай каштоўнасцю. У свой час пры раскопках археолагі наткнуліся на старажытны горад - пасяленне першабытнага чалавека. Спецыяліст Алена Калечыц лічыць, што “Юравічы - гэта беларуская кропка адліку”.

Далей семінарыстаў з творчай дзейнасцю Юравіцкага цэнтра народнай творчасці пазнаёміла яго дырэктар Анжэла Паташка. Выклікалі цікавасць у прысутных выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і асабліва колішнія рушнікі.

Пасля адбыўся агляд раённай газеты “Калінкавіцкія навіны” па пытаннях традыцыйнай народнай культуры. Яго зрабіла вядучы метадыст па народным традыцыям і абрадам установы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” Людміла Мельнікава. Карыснай адбылася размова аб праектнай дзейнасці, якая з’яўляецца вельмі важнай і дае магчымасць далучыць да яе рэалізацыі максімальную колькасць зацікаўленых людзей і структур, пабудаваць моцныя партнёрскія зносіны. Работа на перспектыву стала значнай падзеяй у жыцці многіх жыхароў Акцябрскага, Брагінскага, Ельскага, Жлобінскага, Калінкавіцкага, Кармянскага, Петрыкаўскага, Рагачоўскага, Чачэрскага раёнаў вобласці.

Цікавым уяўляецца праект былога раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра і Дудзіцкага цэнтра народнай творчасці і рамёстваў Калінкавіцкага раёна па арганізацыі часовай працоўнай занятасці вучняў па вырабу сувенірнай прадукцыі. У праекце прынялі ўдзел пяць старшакласнікаў в. Дудзічы. Іх вырабы былі прадстаўлены на IV Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”. Гэты праект быў прафінансаваны з фонду раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Удзел у ім дазволіў школьнікам атрымаць пэўныя грашовыя сродкі на працягу лета 2016 года.

Потым семінарысты праглядзелі канцэртную праграму калектыву мастацкай самадзейнасці Прудоцкай сельскай бібліятэкі-клуба, а таксама фрагмент абраду “Дабравешчанне” Бярозаўскага цэнтра фальклору. Закончыўся семінар экскурсіяй у манастыр Ражства Прасвятой Багародзіцы.