Старажытная фальклорна-абрадавая традыцыя “Свята сена”

Спецыялісты ўстановы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” правялі чарговы маніторынг старажытнай фальклорна-абрадавай традыцыі “Свята сена”, які пацвердзіў яе жыццяздольнасць .

На другі дзень Вялікадня па колішняй традыцыі жыхары аграгарадка Старое Сяло Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці сабраліся разам каля дома культуры, каб адзначыць “Свята сена” - прайсціся ў святочным шэсці з песнямі “Мы на сена ідзём, мы на новае…”.

На плячах жанчыны нясуць вілы, граблі, косы. Потым шэсце вяртаецца да дома культуры, каля якога ставяць вядро з зямлёю і “вырошчваюць”… хрэн. Вакол водзяць карагоды. У гэты час адбываецца дыялог паміж удзельнікамі і “кумам”. Старасельцы просяць “кума” даць хрэну. Ён адказвае: “Не, ня дам! Яшчэ не вырас!”. І так адбываецца тры разы, пакуль хрэн не “вырасце”. Праводзяць свята жыхары Старога Сяла, сярод якіх і ўдзельніцы народнага фальклорнага ансамбля “Рэчанька” Старасельскага сельскага дома культуры: дырэктар Ала Маскаленка, кіраўнік Антаніна Болбасава, Ганна і Наталля Хацімцовы, Ніна Паўлючкова, Любоў Рачкова, Тамара Кірчанка, Валянціна Бондар, Святлана Быткова, а таксама школьнікі 5-11 класаў ДУА “Старасельская сярэдняя школа Веткаўскага раёна”. Яны вераць, што гэта свята пасадзейнічае добраму ўраджаю на добрае сена.