“Як пушчу стралу, вудоль па сялу…”

У вёсцы Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна прыбраныя жанчыны, удзельніцы фальклорна-этнаграфічнага гурта “Казачка” Казацка-Балсунскага клуба народных традыцый разам з удзельнікамі ўзорнага фальклорнага калектыву “Задорынка” Свяцілавіцкага цэнтра культуры і вольнага часу, збіраюцца на Ушэсце, на саракавы дзень ад Вялікадня водзяць карагоды па коле і пяюць.

Вясковыя жанчыны, падзяліўшыся з карагода на роўныя шарэнгі, трымаючы адна адну пад рукі, з песнямі стралы: “Як пушчу стралу, вудоль па сялу…” накіроўваюцца за вёску да жытнёвага поля. На памежку каля яго, сімвалізуючы снапы жыта, рассаджваюцца дзеці (на тры групы), паміж якімі змейкай, ужо не па коле, жанчыны водзяць карагоды - “крывыя танкi”, увасабляючы ідэю засцярогі жыцця, прадаўжэння роду. І зноў гучаць песні: “З крывага танка не вывяду...”.

Потым з воклічамі “Чыя каша падгарэла?” спрытна кідаюцца ўдзельніцы крывога танкa да дзяцей, падхопліваюць іх на рукі і падкідваюць уверх, што сімвалізуе вышыню будучага ўраджаю. Потым нясуць качаць у жыта, самі бегаюць, качаюцца, каб не хварэць. Зрываюць тры каласкі, бяруць гузікі, манеты і закапваюць на жытнёвым полі, прыгаворваючы замову. Пры гэтым спадзяюцца, што словы абавязкова выклікаюць у іх жыцці і ў прыродзе жаданы вынік. Наогул жа вельмі моцнае ўздзеянне рэлігійных уяўленняў сказалася ў адным з найстаражытнейшых жанраў вусна-паэтычнай творчасці - у замовах, якім прыпісваецца магічны моц уздзеяння. У замовах адчуваюцца водгукі старажытнай веры і моц слова. Таму прамаўлялі ўжо напрыканцы заключнага рытуальнага дзейства магічнае: “Як прайшла страла ўздоўж сяла, каб прайшлі ўсё гора і бяда міма нас!”. Зрывалі па дзевяць каласкоў кожная і з летнімі песнямі ішлі дадому, дзе клалі каласкі каля абразоў.

Па разнастайнасці песень, карагодаў, тэатралізацыі абрадавых дзеянняў як водгукаў уміласціўлення прыроднай стыхіі - маланкі-стралы, гэты абрад не ведае сабе роўных. Таму невыпадкова старажытны абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы”, які захавалі жыхары вёскі Казацкія Балсуны, мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь і штогод пацвярджае сваю жыццядзейнасць у час правядзення маніторынгу ўстановай “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” і дзяржаўнай установай культуры “Веткаўскі цэнтр культуры і народнай творчасці”.