Вучоба кадраў у Светлагорску

У Светлагорскім цэнтры народнай творчасці 16 сакавіка 2017 г. адбыўся раённы семінар “Моладзь і традыцыйная народная культура: супрацоўніцтва ўстаноў культуры з установамі адукацыі”.

Для азнаямлення клубных работнікаў і ўдзельнікаў семінара з вопытам работы раёна з традыцыйнай спадчынай і яе папулярызацыяй быў прапанаваны прагляд фільмаў “Купалле ў Парычах”, “Зажынкі”, “Каляды”, “Нацыянальны хіт-парад “Сто песень для Беларусі”. Вынікі плённага супрацоўніцтва ўстаноў культуры з установамі адукацыі паказала сцэнічная пастаноўка па матэрыялах масленічнай абраднасці ў выкананні фальклорнага гуртка сярэдняй школы № 1 г. Светлагорска пад кіраўніцтвам выкладчыцы беларускай мовы Анастасіі Жураўлевіч. Пра вопыт работы аўтаклуба з дзецьмі і моладдзю па перадачы народных традыцый распавяла загадчык аўтаклуба Аксана Вароніна.

Да ўдзелу ў семінары таксама былі запрошаныя вядучыя метадысты Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Глушэц з паведамленнем пра стан і тэндэнцыі развіцця фальклорных калектываў Гомельскай вобласці ў 2016 г. і Людміла Мельнікава з аглядам па выніках вывучэння і аналізу публікацый газеты “Светлагорскія навіны” за першае паўгоддзе 2016 года, прысвечаных пытанням культурна-дасугавай дзейнасці і традыцыйнай народнай культуры.