ВЫСТАВА «ПАПЯРОВЫЯ ДЗІВОСЫ»

8 лютага 2017г. а 16 гадзіне ў выставачнай зале ўстановы «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці» адбудзецца адкрыццё сумеснай выставы работ па выцінанцы майстрыцы з г. Нароўлі Каўрус Юліі і вучняў УА «Гомельскі дзяржаўны абласны палац творчасці дзяцей і моладзі» пад кіраўніцтвам Сычовай Людмілы Віктараўны.

Выцінанка ў Беларусі вядома з ХІХ стагоддзя. Гэта від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва - ажурны ўзор, выразаны з паперы. Яна была, у асноўным, аднакаляровая, узоры геаметрычныя, раслінныя, радзей - зааморфныя або антрапаморфныя. Мела прынцып шматразовага складвання, сіметрычнасці ўзору, дэкаратыўнасці, выкарыстоўвалася для афармлення жылля, аздаблення інтэр’еру да святаў.

Сучасная беларуская выцінанка характэрная сваёй багатай і разнастайнай тэматыкай, тэхнікай выканання, арыгінальнымі дызайнерскімі рашэннямі, але пры гэтым заўсёды арыентуецца на народныя традыцыйныя матывы.

Яркім прадстаўніком дадзенага віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з'яўляецца дырэктар ГУК «Нараўлянскі раённы цэнтр рамёстваў» Каўрус Юлія Віктараўна - член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, удзельніца рэспубліканскіх, раённых выстаў (мерапрыемстваў). Сюжэты яе работ - гэта міфалогія, святы і абрады, архітэктура, вобразы з класічнай літаратуры і, наогул, наша краіна, Беларусь.

Таксама вартыя ўвагі работы вучняў палаца творчасці дзяцей і моладзі, якія неаднаразова прымалі ўдзел у рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх конкурсах, выставах і сталі пераможцамі гарадскога конкурсу «Беларускі матыў», абласных конкурсаў «Табе прысвячалася, Белавежская пушча!», «Выратавальнікі - вачыма дзяцей», «Цуд, імя якому -Кніга», «Калядная зорка», «Чароўныя ўзоры», рэспубліканскіх конкурсаў «Юныя таленты Беларусі» і іншых.