Году малой радзімы прысвячаецца!

На базе ДУ “Брагінскі раённы дом культуры” 16 сакавіка 2018 года прайшоў раённы семінар культработнікаў Брагіншчыны з удзелам вядучых метадыстаў аддзела народнай традыцыйнай культуры ўстановы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” (“ГАЦНТ”).

Ва ўступным слове начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брагінскага райвыканкама Сяргей Даўгулявец падкрэсліў важнасць традыцыйнай народнай культуры і яе сувязь з працэсамі самаарганізацыі носьбітаў фальклорна-абрадавых традыцый і традыцый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Прыярытэтнай у гэтым накірунку з’яўляецца шматбаковая праца культработнікаў раёна ў сістэме культурна-дасугавай дзейнасці па адраджэнню, захаванню і папулярызацыі традыцыйнай культуры, што спрыяе духоўнай сувязі пакаленняў, заснаванай на традыцыйных каштоўнасцях нацыянальнай культуры і асабліва малой радзімы.

І як пацверджанне гэтаму - выступленне выхаванцаў дзіцячага садка № 2 г.п. Брагіна “Залаты ключык”, а таксама салістаў ДУ “Брагінскі раённы дом культуры” Ігара Сінілы і Вячаслава Гаршкова.

Удзельнікі семінара даведаліся ад вядучага метадыста па этнаграфіі і фальклору ўстановы “ГАЦНТ” Ірыны Глушэц аб стане і тэндэнцыях развіцця аматарскіх і аўтэнтычных фальклорных калектываў Гомельскай вобласці, аб іх удзеле ў фестывальна-відовішчных акцыях, навуковых і афіцыйных мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь і па-за яе межамі.

Вялікую цікавасць прысутных выклікалі актуальныя ў наш час пытанні, якія падняла на семінары вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах установы “ГАЦНТ” Людміла Мельнікава, – “Мясцовая ініцыятыва як крэатыўны кампанент у традыцыйнай народнай культуры” і “Традыцыйная народная культура як адзін з аспектаў сацыяльнага жыцця сучаснай вёскі, аграгарадка і друк”.

Многа карыснага для жыхароў Брагіншчыны робіцца… імі самімі праз сетку сямейных клубаў, праектную дзейнасць. Аб гэтым, прыводзячы практычныя прыклады, расказала каардынатар праектнай дзейнасці Брагінскага раёна Жанна Чубса.

Загадчыца аддзела арганізацыйна-метадычнай работы ДУ “Брагінскі раённы дом культуры” Любоў Дубадзел пазнаёміла калег з захаваннем і развіццём традыцыйнай нацыянальнай культуры і народнай творчасці ў клубных установах Брагіншчыны.

Больш дакладна аб тым, як далучаецца моладзь да вывучэння мясцовай традыцыйнай культуры і ўдзельнічае ў каляндарна-земляробчых святах і абрадах, падзяліліся дырэктары - ДУ “Камарынскі культурна-спартыўны цэнтр” Святлана Каранец, Асарэвіцкага дома народнай творчасці Ніна Чарнянок і культарганізатар Буркоўскага цэнтра культуры і дасуга Пётр Савянок.

Загадчыцамі Камарынскай гарпасялковай бібліятэкі Наталляй Гарошка і Сцежарэнскім сельскім клубам Галінай Гаўрыленка, а таксама дырэктарам Красненскага цэнтра культуры і дасуга Наталляй Цеслянок пад час вучобы кадраў асвячаліся такія пытанні, як: краязнаўчая дзейнасць Камарынскай гарпасялковай бібліятэкі, правядзенне заняткаў у гуртках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва як адна з форм духоўнага, эстэтычнага, працоўнага выхавання дзяцей і падлеткаў, вывучэнне гісторыі, традыцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Для ўдзельнікаў і гасцей семінара дзейнічала выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з удзелам метадыстаў па вышэйназванаму віду Святланы Русак і Уладзіміра Дзямянчыка, якая прысвячалася, як і сам семінар, Году малой радзімы.