Персанальная выстава работ Ганны Пугачовай «Свет кветак»

15 лютага 2017 г. установа “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” прэзентавала персанальную выставу работ мастачкі Ганны Пугачовай.

Асноўныя тэмы яе творчасці - кветкі і коні. Гэта выстава прысвечана выключна кветкам, напісаным з натуры акварэллю або вышытымі шаўковымі ніткамі. Такую тэхніку вышыўкі называюць "жывапісам іголкай", яна дазваляе перадаць тонкія адценні так, што пялёсткі кветак выглядаюць як жывыя. На выставе прадстаўлены каля 25 работ акварэллю, 7 вышытых карцін, а таксама невялікая калекцыя вышытых рукавіц.

Ганна Пугачова нарадзілася на Далёкім Усходзе ў сям'і марака і настаўніцы. Частку дзяцінства і юнацтва правяла ў г. Тбілісі, таму Тбіліскі батанічны сад - адно з найбольш яркіх дзіцячых уражанняў. З 1972 года жыве ў г. Гомелі.

Па адукацыі мастак-афарміцель. Некаторы час працавала на камбінаце "Гомельторгреклама", потым цалкам прысвяціла сябе творчасці. З 1993 года з’яўляецца ўдзельнікам мастацкіх выстаў. Работы Ганны Пугачовай экспанаваліся ва ўстанове “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” неаднаразова (1994, 2002, 2010 гг.), а таксама ў Палацы Румянцавых-Паскевічаў ("Малюю ніткамі" 2008 г.), у "Паляўнічым доміку" (2000 г.), у музеі Гісторыі г. Светлагорска (1994, 2001 гг.), бібліятэцы імя Герцэна (2017 г.), у філіяле Веткаўскага музея ў г. Гомелі (2014, 2016,

2017 гг.), у г. Мінску, Мядзелі, у выставачнай зале ГДУ імя Ф. Скарыны і інш.

Пра творчасць Ганны Пугачовай знята некалькі тэлеперадач, апублікаваны артыкулы ў СМІ і інтэрнэце. Яе работы адзначаны граматамі і дыпломамі.

У цяперашні час працуе мастаком-афарміцелем у Гомельскім райпо.

 

Запрашаем наведаць выставу, якая будзе доўжыцца да 16 сакавіка!

Уваход вольны!