Да 25-годдзя з дня прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і станаўлення інстытута прэзідэнцтва

15 сакавіка адзначаецца свята - Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

15 сакавіка 1994 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў новы Асноўны Закон краіны. Па выніках рэферэндумаў, якія адбыліся ў 1996 і 2004 гадах, у Канстытуцыю былі ўнесены змяненні і дапаўненні.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь - асноўны закон дзяржавы. Яна вызначае і замацоўвае грамадскі і дзяржаўны лад, прававое становішча асобы, парадак фарміравання і кампетэнцыю органаў дзяржаўнай улады, прынцыпы яе ўзаемаадносін з грамадствам і грамадзянамі. У ёй сфармуляваны прынцыпы падзелу ўлады, палітычнага плюралізму, а таксама прапісаны асноўныя прынцыпы выбарчай сістэмы.

Канстытуцыя ўвасобіла ў сабе пераемнасць і вопыт шматвяковага гістарычнага шляху Беларусі, азнаменавала новы этап у палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці нашай краіны. Яна грунтуецца на неад'емным суверэнным праве беларускага народа мець сваю дзяржаўнасць і быць паўнапраўным суб'ектам сусветнай супольнасці.

Канстытуцыя стала не толькі адлюстраваннем палітычных і сацыяльна-эканамічных пераменаў, але і дакументам, які вызначыў на дзесяцігоддзі наперад вектар развіцця нацыянальнай дзяржаўнасці і ўдасканалення дэмакратычных інстытутаў.

Беларуская Канстытуцыя гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоды і правы, неабходныя для стваральнай працы, годнага жыцця і гарманічнага ўсебаковага развіцця асобы. А выконваць Асноўны Закон краіны і ўмацоўваць дзяржаўнасць з'яўляецца патрыятычным абавязкам кожнага з нас.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 157 ад 1998/03/26 г. Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь устаноўлены як дзяржаўнае свята.


КАНСТЫТУЦЫЯ НАШАЙ КРАІНЫ: СТАРОНКІ ГІСТОРЫІ

3 лютага 1919 году - I з'ездам Саветаў Беларускай ССР прынята Канстытуцыя Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларус і .

11 красавіка 1927 году - VIII Усебеларускім з'ездам Саветаў зацверджаны Асноўны Закон (Канстытуцыя) Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі.

19 лютага 1937 году - XII Надзвычайным Усебеларускім з'ездам Саветаў прынята новая Канстытуцыя Беларускай ССР.  

13 красавіка 1978 года   - на пазачарговай дзевятай сесіі Вярхоўнага Савета БССР заслуханы даклад П.М. Машэрава «Аб выніках усенароднага абмеркавання праекта Канстытуцыі (Асноўнага Закона) Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі».

25 жніўня 1991 года - прыняты Закон Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі № 1017-Х II «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закону Дэкларацыі Вярхоўнага Савету Беларускай ССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі».  

15 сакавіка 1994 года - прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб парадку ўступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».

24 лістапада 1996 года - на рэспубліканскім рэферэндуме прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года са зменамі і дапаўненнямі.

27 лістапада 1996 года - у газеце «Звязда» № 276 апублікавана Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь са зменамі і дапаўненнямі, якая ўступіла ў сілу з дня яе апублікавання.