Ой ты, чырачка-пташачка, прынясі нам вясну!

 

Старажытны абрад “Чырачка” праводзіцца з даўніх часоў жыхарамі вёскі Тонеж (зараз гэта аграгарадок). Сярод іх - удзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Таняжанка” (кіраўнік Тамара Прыбалавец) і дзіцячага калектыву “Верас” Тонежскага сельскага дома культуры дзяржаўнай установы “Лельчыцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.

 

Веснавое свята прысвечана прылёту і сустрэчы птушак, ад таго і носіць яно такую назву. “Чырачка” заўсёды праходзіць у апошні дзень перад Велікодным постам, на Масленіцу, і пачынаецца зранку або напярэдадні вечарам выпяканнем сельскімі жанчынамі пернікаў у выглядзе птушак-чырачак (чырак). Звычайна гэта адбываецца ў хаце гаспадароў - Івана і Надзеі Дрынеўскіх. Надзея з’яўляецца ўдзельніцай вышэйназванага калектыву.

Дзеці ўпрыгожваюць самаробнымі рознакаляровымі кветкамі і стужкамі невялікую елачку. Гэта абрадавае дзейства суправаджаецца песнямі старэйшых жанчын. А яшчэ таняжанцы лічаць, што ў гэты дзень трэба ўмыцца талай вадзіцай з пажаданнямі “Будзь здароў, як рыжык бароў!”, а да гэтага напаіць кароўку талай вадой, каб былі ўсе здаровымі.

Веснавы гурт з песнямі, а таксама з пудзілам зімы, елкай і печанымі птушкамі ідзе да ўзгорка, на якім маладыя ўдзельнікі абраду тройчы просяць блаславення ў старэйшых жанчын гукаць вясну. Потым з песнямі ходзяць у карагодах, заводзяць гульні, спальваюць пудзіла зімы. Пасля чаго хлопчык з елкай узлазіць на дрэва - як мага вышэй, бліжэй да сонца, там уладкоўвае елку. Кажуць, што сонца пабачыць зялёнае дрэўца з кветкамі, і хутчэй прыйдзе вясна.

І сапраўды пачынае абуджацца прырода. Аб гэтым і песні ўдзельніц народнага фальклорнага калектыву “Таняжанка”: “Ой, гу, вясна...”, “Ой, чірочко-пташэчко...”, “Раве бугай - ў поле хочэ, курка сокочэ - знесціс хочэ, Машэнька плачэ - замуж хочэ”.

Пасля ўсіх гульняў і забаў жанчыны сцелюць на зямлі саматканыя абрусы і ставяць на іх хатнюю ежу: яечню, бліны, сыр, масла, прасяную кашу, вараныя яйкі, хлеб, печыва. Завяршаецца сустрэча вясны агульным частаваннем.