Канцэртны сезон у горадзе над Сожам

19 мая на тэрыторыі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля пачаўся канцэртны сезон, які працягнецца да канца жніўня.

Першым пачаў сваё выступленне на летняй эстрадзе з канцэртнай праграмай народны вакальны ансамбль “Славянская душа” дзяржаўнай установы культуры “Кармянскі цэнтр культуры і вольнага часу” з гарадскога пасёлка Карма.

Традыцыя выступленняў па суботах і нядзелях на летняй эстрадзе Гомельскага парка культуры і адпачынку імя Луначарскага калектываў мастацкай самадзейнасці горада Гомеля і вобласці пачалася яшчэ 70 гадоў таму, у 1949 годзе. Ініцыятарамі гэтых канцэртаў былі работнікі ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама, абласнога Дома народнай творчасці, гарадскіх і раённых аддзелаў культуры таго часу. На бясплатныя канцэрты, якія працягваліся амаль увесь дзень, прыходзіла многа гамяльчан, прыязджалі аматары эстрады з бліжэйшых вёсак, самадзейныя артысты з другіх калектываў, каб павучыцца, пераняць лепшае.

Выступленні, як і раней, працягваюць садзейнічаць паляпшэнню рэпертуару, росту майстэрства аматарскіх калектываў, зацікаўленасці насельніцтва, асабліва моладзі.

Жыхары і госці горада Гомеля з задавальненнем глядзяць канцэртныя праграмы самадзейных артыстаў. Гамяльчане любяць свой горад і свой парк з багатай гісторыяй, і кожнае новае пакаленне чакае такіх летніх сустрэч. Гэтаму садзейнічае і асаблівая размераная паркавая абстаноўка.

Гледачы і гэтым летам штонядзелю змогуць наведаць канцэрты з удзелам самадзейных артыстаў Брагінскага, Лельчыцкага, Веткаўскага, Гомельскага, Добрушскага, Мазырскага, Лоеўскага, Петрыкаўскага, Акцябрскага, Буда-Кашалёўскага, Нараўлянскага, Ельскага, Чачэрскага і Жыткавіцкага раёнаў Гомельскай вобласці.

 

Тэкст, фота: Людміла Мельнікава