Як вадзілі куста ў аграгадку Меркулавічы Чачэрскага раёна

Старажытны абрад “Ваджэнне куста” – гэта незабыўнае відовішча, мясцовая народная асаблівасць свята праваслаўнай Троіцы жыхароў гэтага населенага пункта, па словах якіх, у Меркулавічах “добра куст водзіцца”.

Шэсце на чале з “кустом” спраўляе “дзявочае войска”. Галоўную ролю на хрысціянскае свята – “Троіцу” – мае расліннасць. Таму дзяўчына, якая адыгрывае ролю “куста”, з ног да галавы пакрыта галінкамі клёну, ліпы, на яе галаве красуе вянок з палявых кветак. У час гэтага дзіўнага шэсця па Меркулавічах дзяўчына сапраўды нагадвае куст у руху. Святочная працэсія пачынае спяваць “куста”. Дайшоўшы да аднаго з двароў, гурт, у якім удзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Меркулавіцкія вячоркі” Меркулавіцкага цэнтральнага сельскага дома культуры ДУК “Чачэрскі раённы дом культуры”, ходзяць карагодам і спяваюць, выклікаюць гаспадароў з хаты. Калі гаспадыня і яе родныя з’яўляюцца перад гасцямі, спявачкі працягваюць “карагодзіць”. Потым звяртаюцца ў бок гаспадыні і гавораць: “Ой, дзень добры, наша гаспадыня, да хаты, ой, ці ж вяліш нашаму кусту стаці…?”.

Атрымаўшы дары ад гаспадароў, “дзявочае войска” рухаецца далей з карагодам і спявае: “Троіца, Троіца, Святая Багародзіца, а ў нашых Меркулавічах добра куст паводзіцца…”

Святочны гурт імправізуе дзеі, да якіх падключаюцца таксама гаспадыні. Усё адбываецца ў залежнасці ад сітуацыі.

Пасля святочнага шэсця “з дзяўчынай-кустом” удзельнікі свята ідуць на Меркулавіцкае возера, дзе “кумяцца”, ладзяць танцы, гульні.

 

 

Тэкст: Л.Мельнікава

Фота: В. Пранкевіч