Творчы праект як рэсурс культурнага развіцця сельскіх населеных пунктаў

“Творчы праект як рэсурс культурнага развіцця сельскіх населеных пунктаў. Нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці Гомельшчыны” - такой была тэма семінара для кіраўнікоў і спецыялістаў клубных устаноў. Адбыўся ён у дзяржаўнай установе “Цэнтр культуры Гомельскага раёна”. Адкрыла семінар загадчык аддзела метадычнай работы вышэйназванай установы - Таццяна Паўлюк.

Улічваючы актуальнасць мясцовай ініцыятывы як крэатыўнага кампанента ў традыцыйнай народнай культуры і звязаныя з ёй прапановы па распрацоўцы і рэалізацыі ПРААНаўскіх праектаў, вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах установы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” (ГАЦНТ) Людміла Мельнікава падзялілася лепшым вопытам работы сельскіх клубных устаноў вобласці ў гэтым накірунку, расказала аб цікавых аб’ектах этнатурызму, святочна-відовішчных падзеях (падзейны – рус. событийный – турызм), якія ёсць і могуць быць турыстычнымі атракцыямі, а ў выніку зрабіць жыццё людзей ярчэйшым і цікавейшым, а свой населены пункт больш прыцягальным для гасцей і турыстаў.

Аб нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях Гомельшчыны - старажытных народных святах і абрадах, мясцовых песенных стылях, тэкстыльных і бортніцкіх традыцыях з наступным іх праглядам (фрагментаў відэафільмаў) удзельнікам семінара расказала вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры Ірына Глушэц, якая звярнула ўвагу на тое, што гэтыя элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца адметнымі духоўнымі практыкамі.

На семінары паднімалася пытанне аб правядзенні абласнога конкурсу выканаўцаў народных побытавых танцаў “Вытокі”.

Аб правядзенні абраду “Ваджэнне Сулы” ў населеных пунктах Маркавічы і Гадзічава Гомельскага раёна расказаў краязнаўца, адзін з захавальніках абраду - Віктар Шыпкоў.

Потым удзельнікі семінара наведалі дзяржаўную ўстанову “Гомельскі гісторыка-краязнаўчы музей” у аг. Пакалюбічы. Яго дырэктар Кацярына Варабей пазнаёміла прысутных з матэрыяламі экспазіцый: “Сялянская хата”, “Савецкая кватэра 1970-1980-х гг.”, а таксама з брэндам Гомельскага раёна “Малінавы рай”.

Цікавай была тэма “Шляхам жыцця”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага савецкага дзіцячага пісьменніка, ураджэнца вёскі Пакалюбічы - Івана Кірэевіча Сяркова.

Пасля гэтага клубныя работнікі атрымалі метадычныя рэкамендацыі па стварэнні праекта “Захаваем гісторыю разам”.