Добра яблычка да Спасу

19 жніўня ў царкоўным календары - “Пераўтварэнне Госпада Бога і Спаса нашага Іісуса Хрыста”.

У народнай традыцыі ён атрымаў назву “Другога Спаса”, а яшчэ яго называюць “Яблычны Спас”.

Другі Спас - гэта асноўнае і галоўнае спасаўскае свята беларусаў.

Ва ўсе часы нашы продкі беражліва ставіліся да вырошчваемага ўраджаю, зыходзячы з чаго толькі ад Другога Спаса дазвалялася есці яблычкі і грушы, якія да гэтага часу канчаткова даспелі і былі прыгодныя да ежы.

У гэты дзень вёска Бабічы Чачэрскага раёна адзначала свята вёскі і адначасова тут прайшоў штогадовы восьмы фестываль “Традыцыйныя плыні Чачэршчыны”.

Шафранавы ранак у вёсцы Бабічы пачаўся са своеасаблівай выставы чырвонашчокіх і зялёных яблык, гэтага яблычна-мядовага цуда, якія пасля цырымоніі асвячэння Святой крыніцы асвяціў святар.

Перад жыхарамі вёскі Бабічы і іх гасцямі выступілі з канцэртам аматарскія калектывы Чачэрскага раёна – вакальны калектыў “Чачэрцы” ДУК “Чачэрскі раённы дом культуры”, народны фальклорны калектыў “Ажына” Валосавіцкага сельскага клуба, народны ансамбль песні, музыкі і танца “Лёс” Бабіцкага цэнтра народнага танца, музыкі і песні ДУК “Чачэрскі раённы дом культуры”, вакальны калектыў “Светач” Свяцілавіцкага цэнтра культуры і вольнага часу ДУК “Веткаўскі цэнтр культуры і народнай творчасці”.

У час фестывалю для маленькіх яго гасцей клубныя работнікі Нісімкавіцкага цэнтральнага сельскага дома культуры ДУК “Чачэрскі раённы дом культуры”, як і у іншыя гады, падрыхтавалі і правялі гульнявую праграму. Таксама працавалі дзіцячыя атракцыёны, фотазона. Адбыліся выставы народнай творчасці саміх носьбітаў, а таксама майстрых Бабіцкага цэнтра ткацтва такіх самабытных відаў мастацтва, як ткацтва і вышыўка. У ўзорах тканых і вышытых вырабаў раскрываецца багацце гісторыка-культурнай спадчыны жыхароў вёскі Бабічы – “бранога чына” бабіцкага ткацтва.

Вялікую цікавасць у гасцей фестывалю выклікалі вырабы, якія былі прадстаўлены майстрамі лазапляцення, а таксама іншыя віды народнай творчасці ДУК “Чачэрскі раённы цэнтр рамёстваў, фальклору і этнаграфіі”.

Хатнія кансерваваныя загатоўкі на зіму, а таксама кніжную выставу літаратуры на “яблычную” тэму прадэманстравалі культработнікі Бабіцкага цэнтра народнага танца, музыкі і песні ДУК “Чачэрскі раённы дом культуры” сумесна с мясцовай бібліятэкай.

Усе жадаючыя маглі набыць свежы хлеб, які выпеклі ў музеі хлеба культработнікі Батвінаўскага культурна-спартыўнага цэнтра ДУК “Чачэрскі раённы дом культуры”, а яшчэ сувеніры з аграгарадка Залессе, вырабленыя работнікамі культуры разам з наведвальнікамі Залескага кінаканцэртнага цэнтра ДУК “Чачэрскі раённы дом культуры”.

Арганізавалі і правялі раённы фестываль “Традыцыйныя плыні Чачэршчыны” аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чачэрскага райвыканкама, ДУК “Чачэрскі раённы дом культуры” і яго структурныя падраздзяленні.

Тэкст і фота: Л.Г. Мельнікава