У Гомельскім раёне правялі Сулу

 

29 красавіка 2019 года ў вёсках Гадзічава і Маркавічы адбыўся абрад “Ваджэнне Сулы”. У сакавіку гэтага года ён стаў 11-й нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Гомельскай вобласці, уключанай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Удзельнікамі Сулы сталі мясцовая моладзь і старэйшыя жыхары, а таксама госці з Гомеля і Мінска. Свята прыцягнула ўвагу рэгіянальных і рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі.

Пасля Велікоднай літургіі ў Свята-Кацярынінскай царкве ў вёсцы Гадзічава жанчыны і дзяўчаты, апранутыя ў прыгожыя, па-мясцоваму адметныя самаробныя строі , выйшлі на скрыжаванне дарог каля царквы і завялі старажытныя мясцовыя карагоды – “танкi”. Узяўшыся пад рукі, шэрагамі пайшлі з песняй “Як ішла Сула”, а затым з прыпеўкамі пад гармонік, у бок вёскі Маркавічы, уздоўж старога Кацярынінскага шляху. У Маркавічах на ўсіх скрыжаваннях дарог, якія трапляліся ўдзельнікам Сулы падчас абыходу вёскі, “танкi” паўтараліся, а рух уздоўж дарогі суправаджаўся абрадавымі спевамі, гульнямі і прыпеўкамі пад гармонік. Завяршылася абрадавае свята каля сельскага дома культуры ўзнагароджваннем яго непасрэдных арганізатараў і ўдзельнікаў падзякамі адзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага райвыканкама і ўрачыстым адкрыццём ахоўнага знака, прысвечанага новаму элементу гісторыка-культурнай каштоўнасці . Гасцям свята была прапанавана канцэртная праграма з удзелам мясцовых артыстаў, народных аматарскіх калектываў – фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Стаўбунскiя вячоркі” Стаўбунскага сельскага дома культуры ДУК “Веткаўскі цэнтр культуры і народнай творчасці”, фальклорнага ансамбля “Гамонка” ДУК “Навагуцкая дзіцячая школа мастацтваў Гомельскага раёна”, фолк-гурта “Ягорава Гара” (г. Гомель), а таксама танцавальны майстар-клас ад Школкі побытавага танца (г. Гомель).

 

Тэкст, фота: І.В. Глушэц