Юраўскі карагод у Пагосце

6 мая ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна адбыўся старажытны абрад “Юраўскі карагод”. Яго па старажытных канонах на свята Юр’я правялі мясцовыя жыхары, у тым ліку ўдзельнікі народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Міжрэчча” Пагосцкага клуба-бібліятэкі ДУК “Жыткавіцкі раённы цэнтр народнай творчасці і арганізацыі вольнага часу насельніцтва” на чале з Кацярынай Панчэня, старэйшай носьбіткай мясцовых фальклорна-абрадавых традыцый . На свята з’ехаліся госці з Жыткавіцкага і суседніх раёнаў, гарадоў Гомеля і Мінска, а таксама з Украіны, прадстаўнікі раённых, абласных і рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі.

Абрад у 2004 годзе стаў першым у краіне нематэрыяльным праяўленнем творчасці чалавека , рэкамендаваным да надання статусу гісторыка-культурнай спадчыны. У 2007 годзе адпаведны статус атрыманы – абрад уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У снежні 2019 года ў Багаце (Калумбія) на 14-й сесіі штогадовага пасяджэння Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны запланаваны разгляд пытання аб уключэнні веснавога абраду “Юраўскі карагод” у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая патрабуе тэрміновай аховы .

Тэкст: І.В. Глушэц.

Фота: А.А. Валюшыцкая.