Абрад “Юраўскі карагод” атрымаў статус сусветнай культурнай спадчыны

 

Вясновы абрад “Юраўскі карагод” вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці ўключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая патрабуе тэрміновай аховы (ЮНЕСКА). Адпаведнае рашэнне прынята на XIV сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, якая прайшла з 9 па 14 снежня ў Багаце (Калумбія).

Работа па падрыхтоўцы матэрыялаў намінацыйнага дасье элемента для ўключэння ў Спіс ЮНЕСКА ажыццяўлялася за кошт сродкаў Міністэрства культуры з прыцягненнем носьбітаў элемента, беларускіх экспертаў, а таксама пры ўдзеле Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ЮНЕСКА ў Парыжы, Міністэрства замежных спраў. Гэта першы элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гомельскай вобласці і трэці – Беларусі, якія знаходзяцца пад аховай ЮНЕСКА. У 2009 годзе ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая патрабуе тэрміновай аховы, быў уключаны абрад “Калядныя цары” ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці, у 2018 годзе ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ўключаны элемент “Урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (“Будслаўскі фэст”)” у вёсцы Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.

Абрад “Юр’я” (абрад “Тураўскі карагод” на свята Юр’я) вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў 2004 годзе стаў першай у Беларусі нематэрыяльнай праявай творчасці чалавека, па якой Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне аб неабходнасці прысваення статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. У 2007 годзе пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь статус прысвоены і абрад уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Абрад “Юраўскі карагод” праводзіцца жыхарамі вёскі Пагост у Дзень святога Георгія (Юр’я), 6 мая. Традыцыйна абрад прадугледжвае дзве часткі. Першая адбываецца ва ўнутраным двары сялянскай гаспадаркі, куды скаціну выводзяць з хлява пасля зімы. Другая – шэраг дзеянняў, у тым ліку выпечка і раздача рытуальнага хлеба-“карагода” і ахвярнае пахаванне чорнага хлеба. Нягледзячы на ўзгодненыя намаганні грамадства, абрад знаходзіцца пад пагрозай шматлікіх фактараў, у тым ліку старэнне носьбітаў, агульныя сацыяльна-эканамічныя ўмовы ў рэгіёне і працэсы глабалізацыі.

Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая патрабуе тэрміновай аховы, утрымлівае элементы жывой спадчыны, жыццяздольнасць якіх знаходзіцца пад пагрозай. Ён мабілізуе міжнароднае супрацоўніцтва і дапамогу дзеля ўзмацнення перадачы гэтых культурных практык па ўзгадненні з зацікаўленымі супольнасцямі.

 

Тэкст, фота: І.В. Глушэц