Святок “Багач” у вёсцы Парэчча Акцябрскага раёна

 

Запісала бібліятэкар вёскі Парэчча Ніна Анатольеўна Гламбоцкая

Скончылася клапатлівая пара для гаспадара, назапасіў ён добры ўраджай і таму сёння ён багач. У гэты дзень да ўсходу сонца гаспадар засяваў ніву жытам, асвечаную 21 верасня на Малую Прачыстую.

Галоўную ролю ў абрадзе выконвае “багач” або “багацце”, так называлі кошык с зернем і свечкай. Зерне ў кошык збіралі з першага зажыначнага снапа, свечку рыхтавалі – качалі з воску пад спевы дажыначных песень. “Багач” стаяў на працягу года пад абразамі ў адной з хат вёскі.

21 верасня запальвалі свечку і ў гэтую хату збіраліся люддзі на маленне. Потым упрыгожвалі павозку посцілкамі, запрагалі каня, на павозку садзіліся святар, гаспадар з “багачом”, жнея, якая зажынала першы сноп і старэйшыя жыхары вёскі. Яны аб’язджалі ўсе двары вёскі.

У дварах стаялі сталы, дзе размяшчаліся кубкі з ячменём, жытам, пшаніцай і іншым. “Багач” ставіўся на стол і святар служыў малебен. Гаспадарам жадалі дабрабыту і здароўя. Калі заканчвалі аб’езд двароў, людзі зганялі на пашу ўсю худобу і “Багачом” абнасілі статак. Затым “Багач” уносілі ў хату, дзе ён будзе стаяць увесь наступны год.

Паслы гэтага выносілі сталы, накрывалі абрусам, з кожнай хаты прыносілі і ставілі розныя стравы, абавязковай была каша з зерня новага ўраджаю, каравай хлеба. З сталом спявалі дажыначныя песні, потым танцавалі.

Разыходзячыся са свята, жадалі адзін аднаму дажыць да наступнага святка.

Тэкст: Мельнікава Л. Г.

Фота: з архіва ДУК «Цэнтр культурна-дасугавай дзейнасці Акцябрскага раёна»