У Меркулавічах “добра куст водзіцца”

На Тройцу, 7 чэрвеня 2020 года, у аграгарадку Меркулавічы Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці адбыўся абрад “Ваджэнне куста”, асноўнымі захавальнікамі якога з’яўляюцца ўдзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Меркулавіцкія вячоркі” філіяла “Меркулавіцкі цэнтральны сельскі дом культуры” ДУК “Чачэрскі раённы Дом культуры”.
Галоўнае месца ў гэты святочны дзень займае расліннасць. Таму галоўная дзеючая асоба абраду – дзяўчына-“куст”, якая з ног да галавы пакрыта галінкамі клёну і ліпы. Яна на чале “дзявочага войска” сапраўды нагадвае куст у руху – у час шэсця па Меркулавічах. Святочная працэсія накіроўваецца да мясцовага возера з адмысловымі абрадавымі песнямі “куста”: “Троіца, Троіца, Святая Багародзіца, а ў нашых Меркулавічах добра куст паводзіцца…” На беразе возера дзяўчыны павязваюць на маленькія вяночкі чырвоныя стужкі і загадваюць жаданне. Пасля гэтага ідуць ў парк, дзе кумяцца, ладзяць танцы і гульні.

Тэкст: Л. Г. Мельнікава.

Фота: філіял “Меркулавіцкі цэнтральны сельскі дом культуры” ДУК “Чачэрскі раённы Дом культуры”.