Дзе гарыць свяча. Вёска Навінкі Калінкавіцкага раёна

8 чэрвеня 2020 года, на другі дзень Тройцы, у вёсцы Навінкі Калінкавіцкага раёна адбыўся перанос свячы – асноўнае рытуальнае дзеянне абраду “Свяча”, які з даўніх часоў захоўваюць мясцовыя жыхары.
Асноўныя атрыбуты гэтай урачыстасці – аздобленыя кветкамі васковая свечка і абраз Тройцы, якія разам называюцца “свяча”, а таксама вялікі драўляны крыж, што выкарыстоўваецца падчас пахавальных працэсій. На працягу года гэтыя прадметы займаюць пачэснае месца на покуці ў адной з вясковых хат, а на другі дзень Тройцы пераносяцца ў іншую.
Шлях свячы, ад ганка да варот і праз усю вуліцу да самага парога хаты, якая прымае, высцілаецца даматканым палатном, ходнікамі-палавікамі і ўпрыгожваецца кветкамі, зелянінай. Наперадзе шэсця старэйшыя мужчыны роду нясуць драўляны крыж і хлеб-соль, следам за імі – гаспадары хаты са свечкай. Абраз трымаюць чатыры незамужнія дзяўчыны. Несці стараюцца так, каб святыня нібыта плыла па-над светам і людзьмі, як сонейка ў небе. Каб атрымаць блаславенне, усе ўдзельнікі шэсця стараюцца прайсці пад свячой, кажуць, што найлепш зрабіць гэта тройчы. Некаторыя “абракаюцца” – кладуць пад свячу грошы, хусткі, палатно, просячы ў Бога здароўя і дапамогі. Прыкладна на палове шляху святыню перадаюць наступным гаспадарам, абменьваюцца з імі хлебам-соллю. Пасля пераносу свячы адбываецца асвячэнне вады ў калодзежы на падворку новых гаспадароў.
Вяскоўцы вераць, што свяча сваім святым агнём абараняе ад хвароб і гора, спрыяе радасці і дабрабыту ў хаце, дзе знаходзіцца. Любы чалавек можа прыйсці сюды, у гэты своеасаблівы вясковы храм, каб памаліцца, папрасіць дапамогі, падтрымкі ў святынь і набраць святой вады ў калодзежы.

 

Тэкст: І. В. Глушэц.
Фота: Н. М. Сопат.