Выстава народных майстроў рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Гомельскай вобласці «НАРОДНЫ МАЙСТАР»

16 студзеня 2020 года ў 16.00
у выставачнай зале
ўстановы «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці» адбудзецца адкрыццё выставы народных майстроў рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Гомельскай вобласці
«НАРОДНЫ МАЙСТАР»  

Экспазіцыя прымяркоўваецца да 80-годдзя абласнога цэнтра народнай творчасці. Сярод прадстаўленых рамёстваў будуць выцінанка, разьба па дрэве, ткацтва і лозапляценне ад лепшых умельцаў Гомельшчыны, якія маюць ганаровы статус народнага майстра Беларусі.

Беларусь – гэта краіна, багатая на таленавітых рамеснікаў, творчасць якіх была папулярнай з даўніх часоў. Да XVI стагоддзя найбольш развітымі рамёствамі ў нас былі цяслярства, ткацтва, бондарства і лозапляценне. Пасля адбылося паглыбленне спецыялізацыі рамеснікаў – навукоўцы налічваюць больш за дзвесце вядомых рамесных прафесій таго часу. З сярэдзіны XVI стагоддзя беларускія рамеснікі сталі аб’ядноўвацца ў цэхі, якіх у XVII стагоддзі налічвалася ўжо больш за сто. Аднак потым, пад уплывам сусветных працэсаў індустрыялізацыі, рамесная вытворчасць стала паступова выцясняцца прамысловай.

Гісторыя рамёстваў адлюстроўвае ў поўнай меры гісторыю культуры нашай Радзімы, якую варта адраджаць і культываваць як для самога беларускага народа, так і для нашых нашчадкаў. Культура продкаў вельмі цікавая сваёй самабытнасцю, своеасаблівасцю нацыянальных рыс. На сённяшні дзень у краіне налічваецца больш за дваццаць відаў старадаўніх народных промыслаў і рамёстваў і мноства майстроў, якія надзяляюць іх сваёй уласнай культурай, эстэтыкай і практычнасцю.

Выстава адрасавана самаму шырокаму колу гледачоў, якія змогуць убачыць разнастайнасць напоўненай прыгажосцю творчасці.

 

Уваход вольны!

 

Месца правядзення: выставачная зала ГАЦНТ

Адрас: вул. Ірынінская, 19

Час работы: аўт.-пт.:

сб.:

абед:

нядз.-пн.:

Кантактны тэлефон:

9.30-18.30;

9.00-17.00;

13.30-14.30;

выхадны

(0232) 33 90 54