Сусветную культурную спадчыну захоўваюць у вёсцы Пагост

Уключаны ў снежні 2019 года ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая патрабуе тэрміновай аховы (ЮНЕСКА), вясновы абрад “Юраўскі карагод” зладзілі 6 мая 2020 года жыхары вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.
У гэтым годзе гэта адна з сусветна вядомых беларускіх вёсак адзначае 500-гадовы юбілей, святкаванне якога запланаванае на 2-3 ліпеня. У вёсцы Пагост спрадвеку шануюць беларускія традыцыі і выконваюць старадаўнія маляўнічыя народныя абрады. Асноўныя іх захавальнікі – удзельнікі народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву “Міжрэчча” Пагосцкага клуба-бібліятэкі ДУК “Жыткавіцкі раённы цэнтр народнай творчасці і арганізацыі вольнага часу насельніцтва”.
Абрад “Юраўскі карагод” штогод праводзіцца жыхарамі вёскі Пагост у Дзень святога Георгія (Юр’я), 6 мая. Асноўныя абрадавыя дзеянні гэтага дня ўключаюць выраб і ўпрыгожванне абрадавага хлеба-“карагода”, шэсце па вёсцы з абразом, каляднай зоркай, граблямі, на якіх начэплены фартух, абрадавымі хлебам-“карагодам” і рушніком, ваджэнне карагодаў на полі, абыход двароў з ваджэннем карагодаў. Завяршаецца абрад дзяленнем хлеба-“карагода”, агульным частаваннем са спевамі і танцамі.
Абрад “Юр’я” (абрад “Тураўскі карагод” на свята Юр’я) вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў 2004 годзе стаў першай у Беларусі нематэрыяльнай праявай творчасці чалавека, па якой Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне аб неабходнасці прысваення статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. У 2007 годзе пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь статус прысвоены і абрад уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Тэкст: Ірына Глушэц

Фота: Алена Валюшыцкая