Святы восеньскага цыкла календара беларусаў
«Прыйшоў Пакроў з усім дабром!»

 

Свята адзначаецца 14 кастрычніка.

Пакрава, Пакроў, Трэцяя Прачыстая – народнае свята, ва ўяўленнях людзей свята глыбокай восені, пасля якога пачынаецца зіма.

У народнай традыцыі гэты дзень лічыўся пераломным момантам у прыродзе. Завяршаліся ўсе работы ў полі і ў садзе, уцяпляліся жыллё і гаспадарчыя пабудовы. Пасля Пакрова ў сялянскім жыцці пачынаўся новы цыкл работ: нарыхтоўка паліва, перавод жывёлы на стойлавае ўтрыманне. Заставаліся толькі гаспадарчыя работы па ўпарадкаванню вырашчанага ўраджаю. Гэта пара дабрабыту і дастатку ў сям’і, найбольш благапрыемны час, каб адзначаць вяселлі. Моладзь у старыя часы збіралася на вячоркі, дзе акрамя работы (нарыхтоўка пражы), гуляла ў гульні, хлопцы выбіралі нявест. Гэтае свята прадвяшчала шмат вяселляў, мабыць, што Пакроў Багародзіцы напамінаў вясельнае пакрывала. Свята лічылася заступнікам шлюбаў.

З фальклорнага архіва ўстановы «Гомельскі абласны цэнтр народнай тварчасці»

(запісана з улікам асаблівасцей мясцовых гаворак).

Запісала са слоў жыхаркі вёскі Сямурадцы Марыі Харытонаўны Клімовіч, 1903 г. н., Ганна Пятроўна Лой.

Пакроў – пакрывала Божай маці. Гаварылі, што зіма закрывае лета, а Бог пячатае зямлю. Пасля гэтага дня і да вясны ніхто не можа знайсці скарбаў.

Святы Юрай і Пакроў звязаны між сабой. Юрай – выганам жывёлы пасля зімы. Пакроў – пачаткам зімавання жывёлы ў хляве.

Пакроў паказваў надвор’е наперад: калі да Пакрова дня снег не пакрывае зямлю, то і на Каляды не будзе снегу. Калі ад Пакроў да свята ўсіх Святых і лістапада (крысы зямлю точаць, то зіма будзе снежная і марозная). Глядзелі за ветрам на Пакрову. З якога боку ён дзьмуў, у гэты дзень вецер, з такога ж боку ён будзе дзмуць амаль усю зіму.

На Пакрову хлопцы па вёсках выглядалі сябе нявест, а дзяўчаты напярэдадні Пакрова варажылі на замужжа. Яны бралі ў фартух апалае лісце і потым вытрахалі яго. Куды вецер панясе, туды і замуж ісці. Пяклі салёныя бліны. Перад сном іх з’ядалі і, кладучыся спаць, жадалі, каб сасніўся і напаіў вадой той, хто наканаваны лёсам. З марамі пра замужжа дзяўчаты прасілі святы Пакроў накрыць іх голавы вянком (чапцом).

На Пакровы кожная гаспадыня рыхтавалася як на вяселле. Варылі розныя стравы, пяклі смачнае печыва, шмат ежы рыхтавалася з мяса. У гэты дзень да кожнага двара з'язджаліся і зыходзіліся родзічы з навакольных вёсак. Кожны прывозіў з сабою пачастункі для дзяцей і сабраны ўраджай, каб зрабіць абмен ці прадаць на кірмашы. Гаспадары хаты накрывалі багатыя сталы, частавалі родзічаў, дзе адбывалася застольнае свята, спявалі, танцавалі.

У цэнтры вёскі праходзіў кірмаш, на якім прадавалі розныя рэчы, гандлявалі сабраным ураджаем. Гармонікі гучалі ў розных канцах вёскі.

І да нашага часу ў аграгарадках Бялёў і Рычоў Жыткавіцкага раёна захавалася традыцыя правядзення кірмашоў. Сярод якіх – «Пакроўскі кермаш» і «Міхайлаўскі кермаш».

Само вясселле, у тым ліку Пакроўскае, увабрала ў сябе шмат гульняў.

Цікавая гульня была ў вёсцы Дзербічы Буда- Кашалёўскага раёна. Гулялі яе па-сапраўднаму перад перапытамі. Называлася гэта гульня «Дзербіцкія шапкі».

«Дзербіцкія шапкі»

(гульня перад перапытамі ў вёскі Дзербічы Буда-Кашалёўскага раёна).

Запісала ад ураджэнкі вёскі Дзербічы Буда-Кашалёўскага раёна Соф’і Аляксееўны Сарокінай, 1930 г. н., Галіна Георгіеўна Маісеенка.

У вёсцы Дзербічы была такая традыцыя: да Пакрова стараліся закончыць усе работы. На Пакроў святкавалі традыцыйнае прастольнае свята. Моладзь наладжвала вячоркі. На вячорках хлопцы выглядалі дзяўчат. Пасля Пакрова пачыналі іх сватаць.

Але не ўсіх дзяўчат, якіх выбіралі хлопцы, сваталі.

Дзяўчат замуж выдавалі рана, каб бацькам нявесты не карміць лішні рот, а бацькам жаніха трэба была работніца ў гаспадарку. Перад тым, як выдаць дачку замуж, бацька выводзіў дзяўчыну на вуліцу і загадваў ёй бегчы. Дзяўчына бегла сярод вуліцы, а бацька кідаў ў яе вялікай і цяжкай шапкай. І, калі дзяўчына не падала з ног, а выстойвала на нагах і бегла далей, значыць яна здаровая, зможа працаваць і жыць самастойна, радзіць дзяцей. І яе можна выдаваць замуж. Бацька крычаў: «Паспела! Паспела!»

Па навакольных вёсках пасля гэтага шла чутка, што ў гэтым двары можна сватаць дзяўчыну.

Калі прыходзілі сваты ў хату, іх садзілі на кут, а сярод хаты ставілі лаўку, засцілалі яе палатном. Дзяўчына павінна была стаць на лаўку і даць адказ ці згодна яна ісці замуж? Дзяўчына тройчы гаварыла: « Хочу ўскочу, хочу не ўскочу, хочу, не хочу: дам згоду».

Сваты прасілі дзяўчыну: « Ускоч, дзеўка, ускоч красна, дай нам адказ ясна!»

Калі дзеўка тройчы скакала на лаву і падавала свату ручнік, то ўжо пачыналі заручыны.

 

Тэкст: Мельнікава Л.Г.