“Рабінавая ноч” ва ўяўленнях жыхароў Ельскага раёна

Дваццаць першага верасня святкаваліся ў хрысціянскай традыцыі – Ражаство Багародзіцы або Малая Прачыстая (адрозненне ад Вялікай Прачыстай, Дзень смерці Багародзіцы ў тым, што мацер Бож’я нарадзілася простай дзяўчынкай, а памерла мацер’ю Божай), у народнай традыцыі – свята “Багач”.

Не меньшае значэнне ў народзе надавалася і “рабінавай ночы”.

Вось што пісаў аб такіх начах вядомы пісьменнік і фалькларыст Ян Баршчэўскі: “О, які страх наводзіць такая рабінавая ноч на люд беларускі! У тую пору, калі на палетках даспявае ўраджай, яна, як найстрашнейшы непрыяцель, пагражае знішчыць усе надзеі земляробаў. Сустракае яе селянін, узносячы вочы да неба, з пацеркамі на вуснах і з благаненнем касцёльных званоў”.

Таму невыпадкова, што ў вёсцы Роза Люксембург Ельскага раёна у “рабінавую ноч”, калі былі навальніцы, маланкі, то жыхары абыходзілі сваі двары, хлявы, падвор’і з іконай, чыталі малітву. У народзе ходзіць такое павер’е: у гэтую ноч нельга класціся спаць, а трэба сядзець і маліцца. Аб гэтым расказала ўраджэнка вёскі Гажын Нараўлянскага раёна, перасяленка Марына Рыгораўна Шаўчэнка, 1947 г. н.

Любоў Маркаўна Дуноўская, 1926 г. н. з вёскі Данілаўка Ельскага раёна расказвала, што “рабінавая ноч” – гэта пара, калі бяруць лён”. Цэлую ноч зіхацяць маланкі, бывае і гром. Каб уберагчыся ў гэту ноч, людзі бралі стрэчанскія свечкі, запальвалі іх, выходзілі ва двор. Выкідвалі з хаты качаргу. Калі ішоў град, то трэба было перакусіць яго ільдзінку. Чыталі малітву “Ойча наш”.

“Рабінавая ноч”, нягледзячы на страх, які яна выклікае ў людзей, несумненна,заключае ў сябе шмат таямнічасці і загадкавасці. З 16 верасня прыкладна пачыналася бабіна лета. 22 верасня – дзень восеньскага раўнадзенства.

У гэту пару лічылася, што трэба падкісліцца рабінай і нарыхтаваць яе пра запас. Нават, калі рабіну “паб’е марозам, яна ўсёроўна смачная, карысная. Менавіта рабіна моцна трымае сілу восеньскага раўнадзенства. Існаваў нават “рабінавы рытуал”. Дваццаць трэцяга верасня запасаліся рабінай. Хадзілі за ёй у лес цэлымі сем’ямі. Рабіну не толькі сушылі для лекаў, але і выкарыстоўвалі яе ў пост. Варылі кісель, рабілі каралі. Лічылася, што ў гэты дзень рабіна ўжо пасвечана. Дзяўчаты, калі плялі каралі, то на кожную рабіначку загадвалі на суджанага, на шчасце, як чотачкі перабіралі рабіну са светлымі думкамі.

Тэкст: Мельнікава Л. Г.

Фота з сайтаў: https://tkpanel.ru

https://www.goodfon.ru