Рэспубліканскі навукова-практычны семінар па тэме «Актуальныя пытанні аховы нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей»

 

29 кастрычніка 2020 г. у г. Мінску ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў” з удзелам работнікаў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прайшоў рэспубліканскі навукова-практычны семінар па тэме “Актуальныя пытанні аховы нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей”.
Распачала семінар дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў кандыдат філалагічных навук, дацэнт І.Б. Лапцёнак.
Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Н.Д. Хвір выступіла з тэмай “Дзяржаўная палітыка ў сферы аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны”.
З асноўнымі задачамі па забеспячэнні захавання нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей на 2021–2022 гады пазнаёміў прысутных кансультант упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Г.М. Ходар.
Удзельнікі рэспубліканскага семінара наведалі адукацыйную этналабараторыю, дзе ўбачылі этнаграфічныя побытавыя рэчы з саломы, дрэва, гліны, металу; рушнікі, паясы, посцілкі, а таксама музычныя інструменты, сабраныя з розных краін свету. Вялікую цікавасць выклікаў у наведвальнікаў лялечны тэатр “Батлейка”, калядная зорка і шматлікія традыцыйныя маскі. У аснову прадметнай часткі мабільнай экспазіцыі пакладзены калекцыі беларускага народнага майстра М. Тарасюка, мастака-жывапісца В. Жарнасекі, разьбяра М. Рышкевіча.
З прэзентацыямі лепшых практык аховы нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей выступілі прадстаўнікі з розных абласцей Беларусі.
Загадчык аддзела традыцыйнай народнай культуры І.А. Бачкова і вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Л.Г. Мельнікава ўстановы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” расказалі аб дзейнасці па захаванні элементаў, уключаных і намінавых у спісы ЮНЕСКА. Гэта вясновы абрад “Юраўскі карагод” у в. Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая патрабуе тэрміновай аховы ў 2019 г., і беларуска-польская намінацыя “Культура бортніцтва”, якая знаходзіцца ў лісце чакання на ўключэнне ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ў 2020 годзе. Падрыхтоўцы апошняй намінацыі ад беларускага боку папярэднічала ўключэнне ў 2017 г. у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь элемента “Лясное бортніцтва Беларусі на прыкладзе Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці”.
З практыкай захавання вусных традыцый у Віцебскай вобласці падзялілася дырэктар дзяржаўнай установы “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” К.П. Лабука. Пра лепшыя практыкі захавання і падтрымкі рамесных традыцый у Гродзенскай вобласці расказала дырэктар дзяржаўнай установы культуры “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” А.У. Мурэня. Вопытам захавання спеўных традыцый у Магілёўскай вобласці падзяліўся начальнік аддзела традыцыйнага мастацтва і культурна-дасугавай дзейнасці ўстановы культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы” А.М. Глуздаў. Вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры дзяржаўнай установы культуры “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” Г.В. Пракаповіч выступіла з тэмай “Асноўныя падыходы да вывучэння і захавання традыцыйных абрадаў на Брэстчыне”.
Экспертнае меркаванне выказала старшы выкладчык кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма ўстановы адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў” I.В. Мазюк, якая расказала аб асноўных напрамках дзейнасці па захаванні традыцыйнага ткацтва і стварэнні ўмоў для пераемнасці рамяства. “Арганізацыя работы ў 2021 годзе па падрыхтоўцы нацыянальнай справаздачы аб выкананні Рэспублікай Беларусь Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны”– тэма выступлення старшага выкладчыка кафедры этнаграфіі і фальклору Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў дырэктара фонду “Культурная спадчына і сучаснасць”, члена Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па пытаннях ЮНЕСКА А.Б. Сташкевіч. Таксама ў рабоце семінара прыняла ўдзел грамадскі эксперт па ахове нематэрыяльных гісторыка-культурнай спадчыны Р.С. Гамзовіч.
Вынікі работы рэспубліканскага семінара падвёў кансультант упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Г.М. Ходар.

Тэкст, фота: І.А. Бачкова, Л.Г. Мельнікава