Абрад “Выкліканне дажджу” ў вёсках Жыткавіцкага, Нараўлянскага і Кармянскага раёнаў Гомельскай вобласці: з фальклорнага архіва ўстановы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” ( запісана з улікам асаблівасцей мясцовых гаворак)

 

Жыццё селяніна-беларуса з пакон вякоў залежала ад кліматычных умоў. Асабліва вялікую шкоду прыносілі засухі. З-за іх гінула амаль гадавая напружаная праца многіх тысяч сялянскіх сем’яў. У бяссіллі практычнай барацьбы са стыхіяй людзі шукалі іншае выйсце- духоўнае. Нярэдка яны звярталіся да неба, да Усявышняга с просьбай паслаць ім дождж. З’явіліся нават абрады выклікання дажджу.

Па словах Кацярыны Сцяпанаўны Карняйчук, жыхаркі гарадскога пасёлка Тураў, у вёсцы Хлупін абрад выклікання дажджу праводзілі наступным чынам: за адзін дзень лён павінны былі памяць на мялках, абтрапаць, пачасаць, спрасці, а пражу - наматаць у маточкі, аснаваць кросна, потым на гэтых кроснах выткаць рушнік; у сяле на перакрыжаванні дарог стаяў крыж, на які вешалі вытканы рушнік; хадзілі вакол гэтага крыжа тры разы і прасілі Бога, каб пайшоў дождж. У вёсцы Буразь у час правядзення абраду выклікання дажджу жанчыны знаходзілі студню з вадою і сыпалі туды “глухі” свечаны мак.

 

Калі доўга не было дажджу…

Запісана ад ураджэнкі вёскі Кіраў Нараўлянскага раёна, жыхаркі вёскі Радуша Жлобінскага раёна Юліі Дзмітрыеўны Ефіменкі, 1934 г.н.

Калі доўга не было дажджу, то бралі гладыжку, прабівалі ў ёй дно і кідалі ў студню. Яшчэ бралі плуг і ад перакрыжавання дарог аралі ў адзін бок вёскі, потым - у другі. Таксама бралі жабу і за лапу чаплялі яе на асіну. Да Благавешчання платы? ў вёсцы ніхто не гарадзіў. Калі хто загародзіць, то Бог не даваў дажджу, мінаў вёску. Тады людзі ішлі да таго двара, дзе быў загароджаны плот да Благавешчання і бурылі яго. Раскідвалі колікі, вынімалі з зямлі шулы. І тут ужо маліліся Богу. Тры разы бацюшка служыў ў цэркві службы. Вось так калісьці рабілі людзі, калі не было дажджу.

 

Як выклікалі дождж у вёсцы Задуб’е Кармянскага раёна

Запісана ў горадзе Гомелі ад Кавалёвай Таццяны Нікіфараўны, 1932 г.н., і Кавалёвай Анастасіі Нікіфараўны, 1935 г. н., ураджэнак вёскі Задуб’е Кармянскага раёна

Старыя і дзеці збіраюцца на перакрыжаванні дарог. Старыя пачынаюць гукаць дождж, а дзеці павінны былі вязці жабу да другога перакрыжавання.Ў гэты час дзеці плакалі і галасілі, каб пайшоў дождж.

Жабу звычайна бралі не лугавую, а палявую, рабую. Яе забівалі і клалі ў лапаць. Лапаць цягнулі да перакрыжавання. Там яе хавалі як нябожчыка. Закапвалі і галасілі. А пусты лапаць цягнулі назад, да хаты. Бабы лапаць скручвалі і клалі пад печку.

Каб пайшоў дождж, дзяўчаты бралі гладыш або гарлач і кідалі ў студню.

Кідалі ў студню капейку, каб быў дождж. Сыпалі ў студню мак, пасвячоны ў цэркві. Адна капейка- адзін дзень будзе ісці дождж, дзве капейкі- два дні, тры капейкі - тры дні.

Кідалі капейку і на сонца: упадзе на сухое месца- будзе пагода, у ваду - дождж.

Запіс вёўся ў час фальклорных экспедыцый Мельнікавай Л. Г.

 

Фота з сайта:http://www.checherskivestnik.by