Сістэма работы ўстаноў культуры Гомельскай вобласці з каляндарнай нематэрыяльнай культурнай спадчынай і яе метадычнае забеспячэнне

Гомельшчына славіцца ўнікальным захаваннем да нашага часу традыцыйнага мастацтва як жывой з’явы. Таму асноўная мэта ўсіх формаў работы з народнай спадчынай краю ўвогуле і з каляндарнай нематэрыяльнай культурнай спадчынай у прыватнасці – падтрымка жыццёвасці традыцыі, наданне новых імпульсаў існаванню розных відаў аўтэнтычнай культуры.

З мэтай аказання кансультацыйна-метадычнай дапамогі метадычным службам вобласці,установам культуры, падрыхтоўкі аналітычных даведак праводзіццааналіз планаў іх работы па пытаннях традыцыйнай культуры, стану і тэндэнцый развіцця спеўных фальклорных калектываў, гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва ў вобласці, на пастаяннай аснове арганізуецца куратарства-кантрольдзейнасці дадзеных устаноў.

У Гомельскай вобласці склалася сістэма ў набыцці ведаў у сферы духоўнай народнай культуры. Яна грунтуецца на дыферэнцыраваным падыходзе, паэтапным засваенні тэарэтычных і практычных ведаў, выбары адпаведных формаў навучання. Змест семінараў, семінараў-практыкумаў, творчых лабараторый, курсаў павышэння кваліфікацыі мае шырокую тэматыку – ад вывучэння структуры і прынцыпаў пабудовы беларускага народнага календара, абрадавых і пазаабрадавых фальклорных песень, інструментальнага і танцавальнага фальклору да ўстойлівых рытуальных формул, міфалагем славянскай міфалогіі, хрысціянскіх свят і г.д.

За апошнія 3 гады аддзел традыцыйнай народнай культуры ГАЦНТ сумесна з аддзеламі ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкамаў правялі семінары ў 15 раёнах вобласці. Іх тэмы:

  • Духоўны патэнцыял традыцыйнай народнай культуры;
  • Этнатурызм як рэсурс культурнай ідэнтыфікацыі рэгіёну;
  • Старадаўнія народныя святы і абрады, сакральныя язычніцкія і хрысціянскія святыні, традыцыйныя іміджавыя культурныя мерапрыемствы і іх пазіцыянаванне як аб'ектаў турбізнесу на Гомельшчыне.

Мэта правядзення – дапамога культработнікам у распрацоўцы этнакультурных турыстычных праграм для ўкаранення ў дзейнасць культурных устаноў. З гэтай жа мэтай для Хойніцкага, Лоеўскага, Чачэрскага і Брагінскага раёнаў распрацаваны працоўныя варыянты бізнес-планаў, бізнес-мадэляў этнатураў.

У 2015, Год моладзі, быў праведзены семінар для кіраўнікоў і спецыялістаў клубных устаноў, сельскіх бібліятэк “Развіццё і папулярызацыя традыцыйнай культуры сярод дзяцей і моладзі Гомельскага раёна”.

У маі 2015 г. у Жыткавіцкім раёне ўстанова “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жыткавіцкага райвыканкама правялі абласны семінар “Стан элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія знаходзяцца на тэрыторыі Гомельскай вобласці і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, з дэманстрацыяй абраду “Юраўскі карагод” в. Пагост Жыткавіцкага раёна”. На семінары абмеркаваны стан элементаў, якія ўваходзяць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, а таксама тыя элементы, якія ў перспектыве могуць быць уключаны ў гэты спіс. Удзельнікі семінара ў натуральных умовах пазнаёміліся з нематэрыяльнымі каштоўнасцямі Жыткавіцкага раёна: абрадам “Юраўскі карагод” у вёсцы Пагост і спеўным стылем Тураўскага міжрэчча Прыпяці – Сцвігі ў аграгарадку Рычоў; наведалі аб’екты гісторыка-культурнага і рэлігійнага турызму старажытнага горада Тураў. Праграма семінара прадугледжвала працу фотавыставы абрадавай атрыбутыкі Гомельшчыны, выставы вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Пагоста і суседніх вёсак, а таксама выступленні фальклорных калектываў Жыткавіцкага, Лельчыцкага, Петрыкаўскага раёнаў Гомельскай вобласці і Любанскага раёна Мінскай вобласці. Дарэчы, калектывы з Лельчыцкага і Любанскага раёнаў – таксама захавальнікі нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (мясцовых спеўных традыцый), таму агулам пад час мерапрыемства “ўжывую” былі прадстаўленыя 4 элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія маюць ахоўны статус.

Набыццё прафесійных ведаў культработнікамі дазваляе праводзіць у кожным раёне планамернае лакальна-рэгіянальнае даследаванне. У час яго работнікі сельскіх клубных устаноў робяць сістэмны аналіз, класіфікацыю свят і жанраў твораў вуснай народнай прозы, песень, танцаў, а потым і адраджаюць іх.

Супрацоўнікі аддзела народнай традыцыйнай культуры з мэтай выпрацоўкі найбольш верагоднай версіі бытавання фальклорна-абрадавых традыцый сталі праводзіць комплексныя экспедыцыйныя даследаванні традыцыйнай духоўнай культуры вобласці. Так, у 2014-2015 адбыліся экспедыцыйныя даследаванні сельскіх населеных пунктаў Лельчыцкага і Нараўлянскага раёнаў, аг. Неглюбка Веткаўскага і в. Аздзеліна Гомельскага раёнаў.

Штогод на працягу ўжо 18 гадоў установа “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” сумесна з метадычнымі службамі раёнаў праводзяць маніторынг старажытных свят і абрадаў, які пацвярджае іх жыццядзейнасць. У 2015 годзе супрацоўнікі аддзела традыцыйнай народнай культуры прысутнічалі на святкаванніСтрэчання ў в. Новае Палессе Лельчыцкага раёна, “Карагоду сена” н.п. Старое Сяло, “Ваджэння і пахавання стралы” в. Казацкія Балсуны і аг. Стаўбун Веткаўскага раёна, “Юраўскага карагоду” в. Пагост Жыткавіцкага раёна, “Мікольскага карагоду” аг. Прудок Мазырскага раёна, “Провадаў русалкі” аг. Вялікі Бор Хойніцкага раёна, “Ваджэння куста” аг. Меркулавічы Чачэрскага раёна. Адбыўся прагляд Яблычнага Спасу ў сцэнічным варыянце ў Гомельскім раёне. Таксама штогод ва ўсіх раёнах вобласці поўнасцю ці фрагментарна ў згоднасці з аўтэнтычнымі канонамі праходзяць наступныя святы: калядны комплекс (уласна Каляды, стары Новы год / Васілле і Вадохрышча), Стрэчанне, Соракі, “Гуканне вясны”, Вялікдзень (абрад валачобніцтва), Юр’е, Ушэсце, Тройца, Купалле, Зажынкі, Дажынкі. Абрад пераносу свячы на гадавыя святыадбываеццаў Веткаўскім, Буда-Кашалёўскім, Кармянскім, Чачэрскім і Калінкавіцкім раёнах. Старажытны абрад“Жаніцьба коміна” захаваўся ў памяці носьбітаў і існуе ў сцэнічных варыянтах у вёсках Жыткавіцкага, Лельчыцкага, Петрыкаўскага і Хойніцкага раёнаў. А народныабрад“Багач” бытуе ў пасіўнай форме ў Акцябрскім, Жыткавіцкім, Кармянскім і Петрыкаўскім раёнах. Праведзеныя даследаванні дазволілі скласці каляндар абрадавай традыцыі на тэрыторыі Гомельшчыны.

На сталай аснове праводзіцца класіфікацыя матэрыялаў па выніках выяўлення рэгіянальных народных традыцый,фарміраванне медыятэкі па традыцыйнай абраднасці і фальклору Гомельшчыны , калектывах з найменнем “народны”і “ўзорны”. Вядзецца пастаянная работа парасшыфроўцы фальклорных матэрыялаў, запісаных ад носьбітаў-інфарматараў пад час удзелу ў раённых семінарах, творчых атэстацыях калектываў. Сістэматызацыя медыятэкі па фальклору выявіла 272 аўдыязапісы песень сезону “вясна-лета” і апісанні вясенне-летняй абраднасці 52 населеных пунктаў тэрыторыі Гомельскай вобласці.

Апісанні мясцовых каляндарных і сямейна-побытавых свят, запісы песень і твораў народнай прозы маюць усе раённыя метадычныя службы. Ёсць яны і ў сельскіх установах культуры. Найбольшая колькасць сабраных фальклорных адзінак – у метадычных службах Акцябрскага, Буда-Кашалёўскага, Добрушскага, Ельскага, Жыткавіцкага, Лельчыцкага, Рагачоўскага і Чачэрскага раёнаў вобласці.

Правядзенне маніторынгу, цеснае супрацоўніцтва з абласнымі клубнымі ўстановамі дазволіла нам правесці выставу абрадавай атрыбутыкі Гомельшчыны “Колаварот”у выставачнай зале ўстановы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” (снежань 2014 – студзень 2015).

Станоўча складваецца супрацоўніцтва ў сферы традыцыйнай культуры аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, іх метадычных службаў, сельскіх устаноў культуры з Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Ф. Скарыны. Так, на працягу апошніх год даследаваны 15 раёнаў вобласці. Па сабраных матэрыялах выдадзены фальклорна-этнаграфічныя зборнікі.

Для папулярызацыі традыцыйнай спадчыныаддзел традыцыйнай народнай культуры рыхтуе да выдання буклеты, актыўна супрацоўнічае сасродкамі масавай інфармацыі: газетамі “Гомельская праўда”, “Літаратура і мастацтва”, “Культура”, гарадскім, абласным і рэспубліканскім тэлебачаннем і радыё.

Як любая жывая з’ява, існаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны на Гомельшчыне мае свае праблемы. Традыцыйная народная культура паступова затухае, што звязана са зменай жыццёвага ладу і зменай сістэмы каштоўнасцей сучасных людзей. Атрыманне былымі вёскамі статусу аграгарадкоў можна разглядаць як станоўчы момант: населеныя пункты будуць мець насычанае жыццё, будзе развівацца інфраструктура. Але ж пры гэтым мяняецца традыцыйны вясковы ўклад, які з’яўляецца падмуркам для традыцыйнай культуры, у тым ліку фальклору. Адыходзяць у нябыт традыцыйныя заняткі, якія суправаджаліся спевамі: ручное земляробства, ткацтва.

Значнымі пагрозамі выступаюць працэсы глабалізацыі і ўрбанізацыі. Вёскі, у якіх закрываюцца школы і ўстановы культуры, фактычна асуджаны на знікненне. Сучасная моладзь, з большага арыентаваная на гарадскую культуру, імкнецца пераязджаць у буйныя населеныя пункты. А ў працы з дзецьмі асноўная праблема бачыцца ў няўзгодненасці дзеянняў з боку кіраўніцтва сфер культуры і адукацыі. Назіраюцца выпадкі, калі дзеці, якія займаюцца ў вельмі моцных фальклорных калектывах, не знаходзяць падтрымкі і разумення ў школьных настаўнікаў.

Урэшце, нельга не адзначыць станоўчы досвед. Значная роля ў захаванні і папулярызацыі каляндарнай народнай культуры, яе трансляцыі малодшаму пакаленню належыць фестывалям, аглядам-конкурсам, канцэртам, прэзентацыям.Мноства фестывальна-конкурсных акцый па традыцыйнай культуры на тэрыторыі вобласці сведчыць пра зацікаўленасць і разнастайнасць падыходаў да папулярызацыі розных праяў нацыянальнай культурнай спадчыны. Сярод раённых мерапрыемстваў, накіраваных на падтрымку і папулярызацыю каляндарнай спадчыны, адзначым агляды-конкурсы народных свят, абрадаў і традыцый: “З глыбінь жыватворных” (Рэчыцкі раён), “Крыніца натхнення” (Светлагорскі раён), “Традыцыйныя абрады Хойніцкага раёна”, “Велікодны фестываль” (Буда-Кашалёўскі раён); святы народнай творчасці: “Траецкі карагод на Веткаўшчыне”, “Траецкiя пярэзвы” (Буда-Кашалёўскі раён), “Спасаўскі кірмаш” (Добрушскі раён), “Міхайлаўскі кермаш” (аг. Рычоў, Жыткавіцкі раён), “Бабулін куфэрак”(Ельскі раён, у межах рэгіянальнага фестывалю гарманістаў “Грай, гармонік”), “З рога ўсяго многа” (Лельчыцкі раён),“Брагінскі кірмаш”, “Вечный зов” (Лоеўскі раён), “Традыцыйныя плыні Чачэршчыны”, “З народных крыніц” (Рагачоўскі раён). У Гомельскім раёне раз на два гады п раводзіцца конкурс-фестываль народнай творчасці “Ад прадзедаў спакон вякоў”. Апошні, пяты, адбыўся на базе сельскага дома культуры в. Бярозкі Гомельскага раёна 1 лістапада 2014 г. Творчыя праграмы на веданне нацыянальнага фальклору, харэаграфічнай спадчыны; выставы традыцыйных відаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, выставы страў беларускай нацыянальнай кухні прадставілі 23 установы культуры і адукацыі Гомельскага раёна.

Да супрацоўніцтва запрашаюць і іншыя ведамствы:сістэма адукацыі – да ўдзелуў рабоце журы абласнога конкурсу дзіцячых фальклорных калектываў “Шануйце спадчыну сваю”, аддзел краязнаўства Гомельскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі – на абласны конкурс прац па краязнаўству.

З буйных фестывальных мерапрыемстваў, што ладзяцца на Гомельшчыне, трэба вылучыць “Покліч Палесся”. Гэты фестываль этнакультурных традыцый у аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна праходзіў ужо тройчы – у 2010, 2012 і ў 2014 гадах. Сярод яго мэт – падтрымка і папулярызацыя традыцыйнай культуры (ад фальклору, мясцовых традыцый і абрадаў, промыслаў і рамёстваў да нацыянальнай кухні) і гісторыка-культурнай спадчыны краю, аматарскага мастацтва. Правядзенне ў рамках фестывалю этнаграфічнай экспедыцыі дазволіла даследаваць сучасны стан традыцыйнай культуры больш як 20 населеных пунктаў Петрыкаўшчыны. Значнай падзеяй фестывалю стала свята ручніка, для якога кожны з 9 раёнаў Гомельскай і 3 раёнаў Брэсцкай вобласці падрыхтаваў выставу рэгіянальнага ручніка. Былі прадстаўлены асаблівасці, адрозненні, агульныя рысы традыцыйных беларускіх ручнікоў Гомельшчыны і Брэстчыны, праводзіліся майстар-класы па ткацтву на кроснах. У рамках дадзенага фестывалю таксама была арганізавана фальклорная пляцоўка, дзе 15 аматарскіх калектываў Гомельскай вобласці і 2 Брэсцкай выконвалі лепшыя ўзоры песеннага, інструментальнага і танцавальнага фальклору Палесся.

Адзін з самых значных фестываляў традыцыйнай культурына тэрыторыі Гомельскай вобласці – Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”, які пачаў праводзіцца на Рудабельшчыне ў 1999 годзе як раённы, а затым атрымаў статус рэспубліканскага фестывалю.Унікальнасць фестывалю заключаецца ў тым, што ён будуецца на прынцыпах этнапедагогікі і з’яўляецца эталонам падыходаў да захавання і трансляцыі дзецям і моладзірозных відаў і праяў лакальнай культурнай спадчыны.У фестывалі прымаюць удзел аўтэнтычныя, дзіцячыя і моладзевыя фальклорныя калектывы, інструментальныя ансамблі народнай музыкі, калектывы і індывідуальныя выканаўцы народна-бытавога танца, майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці Беларусі.За 15-гадовую гісторыю фестывалю ў яго заключных мерапрыемствах прынялі ўдзел калектывы з 12 раёнаў Гомельскай вобласці. Найбольшую колькасць калектываў, вядома, прадставіў Акцябрскі раён – гаспадар фестывалю.Дзякуючы падтрымцы нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА фестываль стаў сапраўдным мастацкім форумам, у якім таксама прымалі ўдзел творчыя калектывы з многіх краін блізкага і далёкага замежжа: Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны.Уплыў “Берагіні” на развіццё традыцыйнай народнай культуры раёна, вобласці і рэспублікі сапраўды неацэнны. Але пра “Берагіню” слаба ведаюць людзі, не звязаныя з фальклорам, бо, на жаль, гэты годны ўвагі фестываль вельмі мала рэкламуецца. Удзельнікам турніру дзіцячых фальклорных калектываў бывае цяжка падрыхтавацца па ўсіх намінацыях, бо праграма навучання як ва ўстановах клубнага тыпу, так і ў навучальных установах культуры і адукацыі часта не прадугледжвае комплекснага падыходу да традыцыйнай народнай культуры.

Аднак, калі ўлічваць велізарную працу, якая праводзіцца ў накірунку народных традыцый, ёсць спадзяванні, што традыцыйная спадчына, якая жыве ў памяці старэйшага пакалення, будзе адраджацца і пераймацца моладдзю і дзецьмі ва ўсёй яе разнастайнасці.Балазе маніторынгу нематэрыяльнай культурнай спадчыны вобласці надаецца значная ўвага, а колькасць элементаў, якія могуць увайсці ў дзяржспіс (вобласць ужо мае 4 элементы ў ім) можа папоўніцца. Сёння, апроч трох пазіцый, у свой час рэкамендаваных да ўнясення ў яго, для надання ахоўнага статусу падрыхтаваны дакументы па абраду “Чырачка” з аграгарадка Тонеж Лельчыцкага раёна і тэкстыльнай традыцыі аграгарадка Неглюбка Веткаўскага раёна. Вядзецца падрыхтоўка элементаў “Танцавальная традыцыя гарадскога пасёлка Капаткевічы Петрыкаўскага раёна”, “Фрагмент вясельнага абраду – выраб і выкарыстанне “вёльцаў” у Камарынскай зоне Брагінскага раёна”, “Перанос свячы на Тройцу ў вёсцы Навінкі Калінкавіцкага раёна”.