“Чырачка” – гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь

20 студзеня 2016 г. у Міністэрстве культуры адбылося пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны.

Рашэннем сяброў Рады падтрымана прапанова аб наданні статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь абраду гукання вясны “Чырачка” ў аграгарадку Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці.

“Чырачка”, якая праводзіцца ў Тонежы ў апошні дзень Масленіцы, з’яўляецца адметнай этнічнай рысай жыхароў Тураўшчыны. Лічыцца, што качкі на сваіх крылах прыносяць вясну, таму і назву абрадатрымаў ад назвы дробнай качкі “чырачкі” (“чырок”), выяву якой у якасці абрадавага пачастунку– коржыкаў – выпякаюць з цеста. Гэтае печыва ўдзельнікі абраду раздаюць аднасяльчанам, якіх сустракаюць па дарозе на Чарнычовы Горы, самае высокае месца ў ваколіцы.Туды ідуць, каб раскласці вогнішча і спаліць “ляльку-зіму”, пагукаць вясну песнямі-вяснянкамі і заклікаць чырачку-птушачку. На гары таксама водзяць карагоды, частуюцца абрадавымі стравамі, качаюцца з гары, а на самае высокае дрэва ўмацоўваюць упрыгожаную елачку – сімвал дзявоцтва і вясны жыцця. Традыцыя з’яўляецца дзявочай, таму асноўныя яе ўдзельнікі – маладыя дзяўчаты, якім дапамагаюць жанчыны сярэдняга і сталага ўзросту.

Завадатарамі абраду з’яўляюцца мясцовыя спявачкі з гурта “Танежанка” і іх пераемніцы – удзельніцы гурта-спадарожніка “Верас”, а таксама падлеткі і моладзь. Абрад “Чырачка” перадаецца ў вясковай супольнасці, у сем’ях ад пакалення да пакалення, а таксама праз клубную работу з жыхарамі вёскі, праз пераемнасць дзецьмі і моладдзю спеўных, танцавальных і іншых лакальных культурных традыцый ад старэйшых захавальнікаў спадчыны.

Пастаянны маніторынг абраду праводзяць Лельчыцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лельчыцкага райвыканкама і ўстанова “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці”, пры непасрэдным удзеле якой падрыхтавана дакументацыя для надання абраду “Чырачка”статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.