Нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці Гомельшчыны

Абрад “Юр’я” (абрад “Тураўскі карагод” на свята “Юр’я”)
вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна

Абрад “Юр’я” в. Пагост Жыткавіцкага раёна з’яўляецца жывой формай аднаго з аўтэнтычных абрадаў веснавога цыкла і ўключае ў сябе выдатныя ўзоры старажытных карагодаў і песень, а таксама такіх матэрыяльных праяў рэгіянальнай культуры, як народны касцюм і абрадавы хлеб (каравай). Іншая яго назва – “Тураўскі карагод” – тлумачыцца пашырэннем дадзенай абрадавай практыкі менавіта на тэрыторыі Тураўшчыны. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаны першым у краіне сярод нематэрыяльных каштоўнасцей – у 2004 г.

Свята Юр’я (у праваслаўнай хрысціянскай традыцыі – Дзень святога Георгія Перамаганосцы) адзначаецца 6 мая, звязана з аглядам азімага жыта і ўключае ў сябе шэраг абрадавых дзеянняў, скіраваных на ўрадлівасць зямлі і дабрабыт. Раней асноўнымі ўдзельнікамі абраду былі дзяўчаты, зараз яго захавальнікамі з’яўляюцца сталыя жанчыны, якія ўваходзяць у склад народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву “Міжрэчча” Пагосцкага сельскага клуба-бібліятэкі. Удзельнікі гурта прыцягваюць да абраду дзяцей, падлеткаў і маладых жанчын.

Асноўныя абрадавыя дзеянні гэтага свята ўключаюць выраб і ўпрыгожванне абрадавага хлеба-“карагода”, першы выган кароў на пашу, шэсце па вёсцы з зоркай, абразом, граблямі, на якіх начэплены фартух, абрадавымі хлебам-“карагодам” і рушніком, ваджэнне карагодаў на полі, абыход двароў з ваджэннем карагодаў. Заключны этап свята праходзіць каля клуба – гэта самабытныя карагоды, танцы і гульні, якія доўжацца да позняга вечара.

 

Абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы”
вёскі Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна

Сярод веснавых свят на Веткаўшчыне існуе абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы”, які ў натуральных умовах захаваўся да нашых часоў. Статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці ён атрымаў у 2006 годзе.

Абрад звязаны з зямлёй, яе урадлівасцю, скіраваны на ўміласціўленне прыроднай стыхіі – маланкі-стралы.

“Ваджэнне і пахаванне стралы” праводзіцца на шостым тыдні пасля Вялікадня, на 40 дзень – у чацвер, у дзень, калі праваслаўная царква адзначае Увазнясенне Гасподняе, ці, па-народнаму, Ушэсце.

Жанчыны апранаюцца ў святочнае адзенне і збіраюцца ў цэнтры вёскі, каб вадзіць карагоды. Потым удзельніцы абраду з карагода дзеляцца на шарэнгі і са спецыяльнымі песнямі, трымаючы адна адну пад рукі, накіроўваюцца да жытнёвага поля. Да святочнага шэсця далучаюцца іншыя жыхары вёскі. На ўскрайку поля жанчыны рассаджваюць, як снапкі жыта, тры групкі дзяцей і паміж імі змейкай водзяць карагод “крывы танок”, увасабляючы ідэю засцярогі жыцця, прадаўжэння роду. Потым з воклічамі “Чыя каша падгарэла?” удзельніцы карагоду падкідваюць дзяцей угору, што павінна спрыяць вышыні будучага ўраджаю. Пасля качаюць дзяцей у жыце, самі качаюцца, каб быць здаровымі. У полі адбываецца і асноўная абрадавая дзея – “пахаванне стралы”. Удзельнікі абраду зрываюць па тры каласкі жыта, бяруць гузікі, манеты і закопваюць іх у зямлю, пры гэтым загадваюць жаданні і замаўляюць: “Ляжы, мая страла, да таго года, каб жывы былі ўсе і здаровы!”. З гэтага моманту лічыцца, што вясна скончылася, таму спяваць веснавыя песні ўжо нельга – з поля жанчыны вяртаюцца з летнімі і пазаабрадавымі песнямі, прыпеўкамі.

Носьбіты абраду “Ваджэнне і пахаванне стралы” – удзельніцы фальклорна-этнаграфічнага гурта “Казачка” Казацка-Балсунскага сельскага клуба-бібліятэкі, які існуе ў вёсцы з 1969 года. Гэтыя жанчыны выдатна валодаюць мясцовай спеўнай традыцыяй, для якой характэрны багаты паэтычны змест, дасканаласць мастацкай формы, прыгажосць мелодый, што ўзбагачае абрад і надае яму непаўторнасць.

 

Мясцовы песенны стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых твораў аўтэнтычным фальклорным калектывам “Палескія напевы”
вёскі Новае Палессе Лельчыцкага раёна

Носьбітам мясцовага песеннага стылю выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых твораў в. Новае Палессе Лельчыцкага раёна, уключанага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у 2009 годзе, з’яўляецца народны фальклорны калектыў “Палескія напевы” мясцовага сельскага клуба.

Традыцыйная народная культура вёскі Новае Палессе належыць басейну рэк Сцвігі і Убарці. Песенная культура гэтых мясцін вылучаецца захаванасцю найбольш старажытнага пласта – абрадавых песень (веснавых, у тым ліку карагодных, а таксама жніўных, вясельных) і песень раннетрадыцыйнай пазаабрадавай лірыкі. Выкананне такіх песень патрабуе валодання разнастайнымі манерамі і тэхнікамі ў залежнасці ад жанру песні. Найбольш складаным і спецыфічным выканальніцкім стылем, якім валодаюць спявачкі з Новага Палесся, з’яўляецца імправізацыйны, прадстаўлены жніўнымі і раннетрадыцыйнымі лірычнымі песнямі.

Фальклорны калектыў “Палескія напевы” быў створаны ў 2000 г. з мэтай падтрымаць багаты пласт духоўнай народнай культуры. З 2005 года ён мае ганаровае найменне “Народны аматарскі калектыў”. Дзейнасць калектыву накіравана на збор, адраджэнне і папулярызацыю мясцовай традыцыйнай спадчыны, яе трансляцыю малодшым пакаленням. Удзельнікі калектыву аднаўляюць каляндарна-земляробчыя і сямейна-абрадавыя святы і звычаі. Гэта свята Стрэчання, абрады “Ваджэнне Маі” на Тройцу і “Абракальны рушнік” – сямейна-побытавы. Касцюмы ўдзельніцы калектыву робяць па мясцовых канонах.

Народны фальклорны калектыў “Палескія напевы” выступае з канцэртнымі праграмамі, праводзіць абрады ў Новым Палессі і паказвае іх у суседніх вёсках, прымае актыўны ўдзел у раённых, абласных, рэспубліканскіх мерапрыемствах.

 

Мясцовы песенны стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых твораў аўтэнтычным фальклорным калектывам
вёскі Казлы Ельскага раёна

Старадаўнія песні вёскі Казлы – унікальная праява традыцыйнай культуры Палесся, вартая шырокай папулярызацыі як частка духоўнай спадчыны, што дайшла да нас з глыбіні стагоддзяў. Пад дзяржаўнай аховай знаходзіцца з 2009 года.

Геаграфічнае становішча вёскі, аддаленасць яе ад буйных цэнтраў, блізкасць да беларуска-ўкраінскай мяжы паспрыялі добраму захаванню традыцыйных спеваў, аказалі пэўны ўплыў на дыялект, строй, непаўторны тэмбравы каларыт.

Захаванню народных традыцый, фальклору вёскі Казлы садзейнічаюць мясцовыя носьбіты, якія аб’ядналіся ў спеўны гурт. Дзякуючы ім у Казлах у актыўнай форме бытуюць каляндарна-земляробчыя і хрысціянскія святы і абрады: стары Новы год, або Васілле, Стрэчанне, Соракі, Вялікдзень, Юр’е, Тройца, зажынкі, “Дзмітраўскія дзяды”, а таксама старажытныя абрадавыя і пазаабрадавыя (“за кудзеляй”, “у грыбы”, салдацкія) песні.

Рэпертуар і манера выканання, уласцівая казлоўскаму гурту, рэпрэзентуюць, з аднаго боку, тыповыя і яскравыя прыкметы цэнтральнапалескага спеўнага стылю, з другога – вызначаюцца самабытнасцю. Найбольш адметная частка песеннага календара вёскі Казлы – веснавыя загуканні. Менавіта ў іх найбольш яскрава праяўляюцца стылявыя асаблівасці палескага веснавога календара і галоўнае прызначэнне веснавых песень – сваім гучаннем наблізіць надыход вясны. Іншая адметнасць мясцовай песеннай традыцыі – стыль спявання, які мае назву дыяфонія з элементамі бурданіравання. Гэта адзін з найбольш архаічных стыляў, які аб’ядноўвае рысы аднагалосных і двухгалосных спеваў. У ім галасы суадносяцца такім чынам, што адзін з іх выконвае асноўную мелодыю, а другі “расквечвае” яе. У вёсцы Казлы так выконваюцца вясельныя песні.

Удзельніцы фальклорнага гурта вёскі Казлы ўпэўнены, што іх жаданне спяваць, несці радасць людзям не знікне, пакуль яны жывуць на гэтай зямлі.

Традыцыя пакланення каменным крыжам вёсак Данілевічы і Баравое Лельчыцкага раёна (Каменныя “дзевачкі”)

Традыцыя пакланення каменным крыжам вёсак Данілевічы і Баравое Лельчыцкага раёна рэкамендавана для ўключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь у 2013 годзе. Яна належыць да так званых аброчных рытуалаў, якія здзяйсняюцца шляхам прынясення аброку сакральным месцам ці аб’ектам, у дадзеным выпадку – каменным крыжам.

Гісторыю гэтых каменных крыжоў расказвае мясцовая легенда, што на працягу доўгага часу перадаецца ад пакалення да пакалення. Раней на месцах, дзе сёння знаходзяцца каменныя “дзевачкі”, былі палі, на якіх разам з дарослымі працавалі і дзеці. Адна жанчына са сваёй дачкой-падлеткам Евай (ці Ленай, Марыяй) жала жыта. Раптам на небе з’явілася вялікая чорная хмара. На матчын загад хутчэй збіраць снапы дзяўчынка адказала, што вельмі стамілася. Тады маці ў гневе крыкнула: “А каб ты каменем стала!”. У той жа час грымнуў гром і бліснула маланка, а калі неба праяснілася, жанчына ўбачыла, што на тым месцы, дзе была яе дачка, стаіць камень.

Мясцовыя жыхары шануюць гэтыя камяні, турбуюцца пра іх, як пра жывых дзяўчынак, ахоўваюць, прыбіраюць і шчыра вераць у іх звышнатуральную сілу. У якасці аброку ім аддаюць рушнікі, хусткі, самаробныя фартушкі, упрыгажэнні, кветкі, пачастункі, грошы і г.д. Пакідаючы аброк, людзі просяць у камянёў здароўя, шчасця, дабрабыту для сябе і сваіх блізкіх. Напярэдадні Вялікадня камяні “пераапранаюць”: здымаюць і спальваюць старое “адзенне”, пакідаючы на велікодную ноч мінімум яго, а раніцай святочнага дня прыносяць новыя аброкі. Ля камянёў моляцца, спяваюць праваслаўныя псальмы, а таксама (у Баравым) народныя духоўныя вершы.

Самім характарам гэтая традыцыя садзейнічае захаванню сакральнасці, ужо практычна страчанай у многіх іншых рытуальных дзеяннях. Цудадзейныя магчымасці каменных “дзевачак” прыцягваюць увагу людзей з розных куткоў Беларусі і блізкага замежжа, якія прыязджаюць да крыжоў, каб папрасіць аб самым патаемным.

Абрад “Провады русалкі” вёскі Вялікі Бор Хойніцкага раёна

 Абрад “Провады русалкі” вёскі Вялікі Бор Хойніцкага раёна рэкамендаваны для ўключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у 2013 г. Ён звязаны з заканчэннем святкавання Русальнага тыдня на восьмым тыдні пасля Вялікадня і праводзіцца штогод пасля Тройцы, у наступную нядзелю.

Да абраду далучаюцца практычна ўсе жыхары Вялікага Бору, якія з нецярпеннем і радасцю чакаюць провадаў Русалкі.

Удзельнікі традыцыйнага абраду апранаюцца ў святочнае адзенне, рыхтуюць кветкі, плятуць вянкі і пад абрадавыя песні ідуць ад цэнтра вёскі да поля праводзіць Русалку (звычайна на гэтую ролю абіраюць прыгожую дзяўчыну), праганяюць яе ў жыта, асвячаюць сарваную з яе зеляніну, водзяць карагоды і скачуць праз вогнішча, каб атрымаць ачышчэнне агнём.

Абрадавая дзея звязана са спецыяльнымі абрадавымі атрыбутамі: вялікім і мноствам малых вянкоў, якія “асвячаюць” над полымем; вялікі вянок удзельнікі разрываюць і разбіраюць зеляніну з яго і з “адзення” Русалкі, каб пакласці на агародах – для добрага ўраджаю.

Адноўлены жыхарамі, супрацоўнікамі мясцовай установы культуры ў сярэдзіне 1990-х гадоў абрад “Провады русалкі” з’яўляецца актуальнай культурнай з’явай, перадаецца ад пакалення да пакалення і прызнаецца мясцовай супольнасцю як каштоўнасць. Каб прыняць удзел у традыцыйным абрадавым дзеянні, штогод у Вялікі Бор з’язджаюцца жыхары навакольных вёсак і раённага цэнтра.

Спеўны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці – Сцвігі (аграгарадок Рычоў Жыткавіцкага раёна)

 Спеўны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці – Сцвігі прэзентуецца песнямі аграгарадка Рычоў Жыткавіцкага раёна і з’яўляецца адным з лакальных песенных стыляў арэала Цэнтральнага Беларускага Палесся. Рэкамендаваны для ўключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у 2014 г. Носьбіты спеўнага стылю – рычоўцы старэйшага і сярэдняга пакаленняў. Папулярызуюць мясцовыя спевы ўдзельнікі народнага фальклорнага ансамбля “Дубравіца” Рычоўскага цэнтра традыцыйнай культуры.

Рычоўскія песні выконваюцца ў час разнастайных свят (у тым ліку шчадраванні на Стары Новы год, вяселлі), традыцыйных “бясед”, а таксама на канцэртных выступленнях ансамбля “Дубравіца”. Акрамя каляндарна-земляробчых песень (калядных, веснавых загукальных і карагодных), надзвычай багата прадстаўлены вясельныя песні, у тым ліку каравайныя.

Традыцыйна па-палеску спяваюцца каляндарна-абрадавыя, вясельныя і “лесавыя” песні. Апошнія выконваюць, калі ідуць у лес збіраць грыбы і ягады, калі грабуць сена, а іх сюжэты блізкія іншым пазаабрадавым песням – гэта песні пра каханне, цяжкае жыццё замужняй жанчыны ўдалечыні ад родных. Пазаабрадавыя песні ў натуральным бытаванні часта выконваюцца ў застоллі, таму і вызначаюцца як “застольныя”. Імі прадстаўленыя спевы з падводкай, якія з’яўляюцца адным з самых складаных стыляў, што існуюць у беларускай спеўнай традыцыі. Ён характэрны для Палесся, а ў самых развітых формах – менавіта для цэнтральнай яго часткі.

Асаблівасцю рычоўскіх спеваў з’яўляецца захаванне традыцыі мужчынскага выканальніцтва: мужчыны спяваюць як разам з жанчынамі, так і асобна.

Працягу дадзенай традыцыі садзейнічае дзіцячы вакальны калектыў “Усмешка”, які адносіцца да Рычоўскага цэнтра традыцыйнай культуры і з’яўляецца спадарожнікам ансамбля “Дубравіца”.

Абрад гукання вясны “Чырачка”
ў аграгарадку Тонеж Лельчыцкага раёна

“Чырачка”, якая праводзіцца ў Тонежы ў апошні дзень Масленіцы, з’яўляецца адметнай этнічнай рысай жыхароў Тураўшчыны. Лічыцца, што качкі на сваіх крылах прыносяць вясну, таму і назву абрад атрымаў ад дробнай качкі “чырачкі” (“чырок”), выяву якой у якасці абрадавага пачастунку – коржыкаў – выпякаюць з цеста. Гэтае печыва ўдзельнікі абраду раздаюць аднасяльчанам, якіх сустракаюць па дарозе на Чарнычовы Горы (самае высокае месца ў ваколіцы). Туды ідуць, каб раскласці вогнішча і спаліць ляльку-“Зіму”, пагукаць вясну песнямі-вяснянкамі і заклікаць чырачку-птушачку. На гары таксама водзяць карагоды, частуюцца абрадавымі стравамі, качаюцца з гары, а на самае высокае дрэва ўмацоўваюць упрыгожаную елачку – сімвал дзявоцтва і вясны жыцця. Традыцыя з’яўляецца дзявочай, таму асноўныя яе ўдзельнікі – маладыя дзяўчаты, якім дапамагаюць жанчыны сярэдняга і сталага веку.

Завадатарамі абраду з’яўляюцца мясцовыя спявачкі з гурта “Таняжанка” і іх пераемніцы – удзельніцы гурта-спадарожніка “Верас”, падлеткі і моладзь. Абрад “Чырачка” перадаецца вясковымі жыхарамі ад пакалення да пакалення, а таксама праз клубную работу, скіраваную на далучэнне да святкавання ўсіх вяскоўцаў і пераемнасць дзецьмі і моладдзю спеўных, танцавальных і іншых мясцовых культурных традыцый ад старэйшых захавальнікаў спадчыны.

Абрад рэкамендаваны для ўключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у 2016 годзе.