Падрыхтоўка да “Берагіні”

8 красавіка 2016 года ў Гомеле адбыўся абласны семінар-практыкум для кіраўнікоў харэаграфічных калектываў – удзельнікаў ХIII Рэспубліканскага конкурсу пар-выканаўцаў беларускіх народных побытавых танцаў. Апошні пройдзе ў межах ІХ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу фальклорнага мастацтва “Берагіня” ў г.п. Акцябрскі Гомельскай вобласці 23-26 чэрвеня гэтага года.

Да фестывальных мерапрыемстваў вядзецца актыўная падрыхтоўка, у тым ліку семінар-практыкум, што адбыўся на базе дзяржаўнай установы “Цэнтр культуры Гомельскага раёна”.

У ходзе семінара-практыкума адбылося знаёмства з дзейнасцю школы народна-побытавага танца Гомельскага раёна, якая ўжо на працягу 14 год паспяхова рыхтуе танцавальныя пары ў тым ліку для “Берагіні”. Гэтым годам школу на фестывалі прадставіць адна пара старэйшай узроставай катэгорыі, якая, як і ўсе іншыя пары-ўдзельнікі, прайшла адбор на абласным конкурсе выканаўцаў народных побытавых танцаў “Вытокі”. У гэтым конкурсе, зладжаным установай “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” ў красавіку 2015 года ўжо ў сёмы раз, прынялі ўдзел больш за 160 танцавальных пар з 21 раёна вобласці. Пераможцамі сталі танцоры з Акцябрскага, Гомельскага, Веткаўскага, Буда-Кашалёўскага, Добрушскага, Кармянскага, Лельчыцкага, Лоеўскага, Петрыкаўскага, Хойніцкага раёнаў, якія і будуць змагацца за званне лепшых на ХIII Рэспубліканскім конкурсе пар-выканаўцаў беларускіх народных побытавых танцаў у межах “Берагіні”.

На семінары былі абмеркаваныя патрабаванні да ўдзельнікаў конкурсу танцавальных пар, праграму якога складаюць 30 танцаў у 5 узроставых катэгорыях. Большы час практыкуму быў адведзены на развучванне танцаў, што раней не ўваходзілі ні ў абласны, ні ў рэспубліканскі конкурсы. Для навучання былі падрыхтаваныя архіўныя экспедыцыйныя відэазапісы з Гомельскай вобласці “Барыні”, “Шамяля”, “Яблычка”, варыянты танцаў “Абэрак”, “Верабей”, “Грачанікі”, “Ліцьвін”, “Пцічкі”. Трэба адзначыць зацікаўленасць раней вядомымі танцамі: “Ва саду лі”, “Ночка”, “Ойра”, “Полька імправізаваная”, полька “Верацяно”, “Субота”. У практыкум уваходзіла таксама праграма конкурсу салістаў на лепшае выкананне беларускіх традыцыйных народных танцаў “Мікіта”, “Жабка”, “Чобаты”, што адбудзецца на “Берагіні” ўпершыню.

Напрыканцы для ўдзельнікаў семінара адбыўся круглы стол, на якім былі разгледжаны пытанні неабходнасці зберажэння традыцыйнай танцавальнай спадчыны, узаемадапамогі паміж спецыялістамі па дадзенаму накірунку дзейнасці. Кіраўнікі танцавальных пар змаглі падзяліцца досведам ранейшага ўдзелу ў мерапрыемствах “Берагіні”. Цікавым быў вопыт калег у прыцягненні да заняткаў танцамі дзяцей, падрыхтоўцы касцюмаў для ўдзельнікаў, выкананні платных паслуг.

Дададзім, што прадставіць Гомельскую вобласць на ІХ Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе фальклорнага мастацтва “Берагіня” рыхтуюцца малодшыя ўдзельнікі народнага ансамбля музыкі, песні і танца “Лёс” Бабіцкага сельскага цэнтра народнага танца, музыкі і песні Чачэрскага раёна – на VII Рэспубліканскім турніры дзіцяча-маладзёжных фальклорных калектываў і народны фальклорны калектыў “Таняжанка” Тонежскага сельскага дома культуры Лельчыцкага раёна – на аглядзе-прэзентацыі аўтэнтычных гуртоў. Свае калектывы рыхтуе і гаспадар фестывалю – Акцябрскі раён.