IV абласны пленэр па драўлянай скульптуры “Ажыўшая даўніна”

З 7 па 14 верасня 2015 года ў Жыткавіцкім раёне на базе Ляхавіцкага клуба народных традыцый прайшоў IV абласны пленэр па драўлянай скульптуры “Ажыўшая даўніна”. Арганізавалі і правялі мерапрыемства ўстанова “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жыткавіцкага райвыканкама ў мэтах захавання, творчага развіцця і папулярызацыі традыцый разьбы па дрэве, а таксама падтрымкі рамёснай дзейнасці.

У абласным пленэры прынялі ўдзел 8 разьбяроў па дрэве з Добрушскага, Петрыкаўскага, Жлобінскага раёнаў Гомельскай вобласці і горада Гомеля. Майстры выканалі работы з дуба, сярод якіх “Ліса і калабок”, “Кот у ботах”, “Легенда Палесся” і іншыя.Вырабы разьбяроўупрыгожаць казачную паляну на тэрыторыі Ляхавіцкага клуба народных традыцый, дзе размесціцца рэзідэнцыя Дзеда Мароза.