Першы адкрыты фестываль дзіцячых фальклорных гуртоў “Святло Каляднай зоркі”

13-14 студзеня ў Гомелі адбыўся Першы адкрыты фестываль дзіцячых фальклорных гуртоў “Святло Каляднай зоркі”.

У фестывалі, які прайшоў у сярэдняй школе № 30, прынялі ўдзел дзіцячыя фальклорныя калектывы агульнаадукацыйных школ горада і ўзорны фальклорны ансамбль “Калыханка” з Міханавічаў (Мінская вобласць).

Выкананне гуртамі калядак і шчадровак атрымала высокія адзнакі: дыплом “За пераемнасць нацыянальных фальклорных традыцый” заслужыў малодшы гурт узорнай “Этнашколы “Традыцыя”, дыплом другой ступені дастаўся калектыву “Кужалёк” сярэдняй школы № 67, дыпломамі першай ступені адзначаны гурты “Гарэзы” сярэдняй школы № 28, “Святы Пакроў” сярэдняй школы № 30 і “Лялькі” сярэдняй школы № 40, госці з Мінскай вобласці ўзнагароджаны Гран-пры фестывалю. Журы, якое склалі метадыст па этнаграфіі і фальклору Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Глушэц, загадчык філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый у Гомелі Пятро Цалка і навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый Вольга Афанасьева, падчас фестывалю таксама запрасілі пакалядаваць – праспяваць шчадроўкі, павадзіць казу і паказаць прадстаўленне традыцыйнага беларускага лялечнага тэатра — батлейкі, якое выклікала сапраўднае захапленне гледачоў.