Дзе карагод ходзіць – там жыта родзіць

Старажытны абрад “Юраўскі карагод” штогод праходзіць 6 мая ў гонар ахоўніка дамашняй жывёлы, дабрадзея ў хатняй гаспадарцы і апекуна ўрадлівасці ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна – святога Юрыя (Ягорыя, Георгія). Напярэдадні або раніцай у хаце Кацярыны Панчэні (старэйшай носьбіткі мясцовых фальклорна-абрадавых традыцый) выпякаюць абрадавы хлеб-“карагод”, які потым дарослыя і дзеці ўпрыгожваюць самаробнымі кветкамі і даручаюць яго несці “хлопцу-ваяводу” ў святочным шэсці разам з астатнімі вяскоўцамі. Усе яны рухаюцца да поля, прычым, тройчы праходзяць праз сімвалічныя “вароты з рушнікоў”, калі выходзяць з хаты, са двара, прыходзяць на поле і вяртаюцца з яго.

Кульмінацыйны момант абраду, які ў 2004 г. атрымаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, адбываецца ў поле. Удзельніцы народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Міжрэчча” Пагосцкага клуба-бібліятэкі, вясковыя дзеці, іншыя пагашчанцы з песнямі ды гульнямі “па сонцу” водзяць карагоды.

У цэнтры карагоду – хлопцы, мужчыны, якія трымаюць ікону Божай Маці, абрадавы хлеб-“карагод”, граблі з зялёным фартухом. Усе рухаюцца па “колу сонца”, тройчы падымаюць уверх каравай, мяняюць на граблях зялёны фартух на чырвоны. Пасля чаго ідуць ў бок вёскі, дзе спыняюцца каля хат, просяць дазволу ў гаспадароў вадзіць карагод, жадаюць ім добрага здароўя, багатага ўраджаю, прыбытку ў хляве. За гэта атрымоўваюць узнагароду хлебам, яйкамі…

Свята заканчваецца, людзі пачынаюць разыходзіцца, каб зноў у наступным годзе, як заўсёды, вадзіць свой “Юраўскі карагод” на багаты ўраджай ды добры прыплод, “каб усё радзіла і пладзіла…” з надзеяй, што так яно і будзе.

Муляж упрыгожанага хлеба-“карагода”, а таксама маленькія драўляныя грабелькі з зялёным і чырвоным фартушкамі захоўваюцца ў Пагосцкім клубе-бібліятэцы (Куток абрадавай атрыбутыкі). Гэтыя дзіўныя міні-экспанаты выклікаюць цікавасць у жыхароў і гасцей Жыткавіцкага раёна.