IV Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”

Фестываль, які адбыўся 24 верасня 2016 г. у аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна, захаваў статус міжнароднага. У гэты раз на свята прыехалі госці з Расіі, Латвіі, Украіны, Польшчы, Малдовы. Традыцыйна на ўстанову “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” была ўскладзена арганізацыя і падрыхтоўка значнай часткі насычанага разнастайнымі мерапрыемствамі форуму.

У межах свята 20-23 верасня 2016 г. праведзена праца этнаграфічнага лагера “Сакрэты майстэрства”, падчас якога 19 удзельнікаў (студэнты, аспіранты і выкладчыкі ВНУ Гомеля, Мазыра, Мінска, супрацоўнікі музеяў, прадстаўнікі СМІ) даследавалі традыцыйную народную культуру 13 вёсак Жыткавіцкага раёна.

Гаспадары свята – 11 палескіх раёнаў Гомельскай і Брэсцкай абласцей, падворкі-“вуліцы” якіх згодна канцэпцыі ў дзень фестывалю аб’ядналіся ў адну вялікую “вёску Прыпяцкую”. “Вуліцы” гэтай вёскі атрымалі свае назвы адпаведна мясцовым традыцыйным абрадавым дзействам летняга і восеньскага каляндарнага і сямейна-бытавога цыклаў: “Багатая” (падворак Калінкавіцкага раёна), “Пакроўская” (Ельскі раён), “Гасціная” (Пінскі раён), “Каравайная” (Столінскі раён), “Спасаўская” (Лунінецкі раён), “Хрэсьбінная” (Петрыкаўскі раён), “Кірмашовая” (Хойніцкі раён), “Вясельная” (Лельчыцкі раён), “Дажыначная” (Мазырскі раён), “Комінная” (Жыткавіцкі раён), “Бяседная” (Нараўлянскі раён), “Палеская” (падворак ДПУ “Нацыянальны парк “Прыпяцкі”). Кожная “вуліца” была аформленая ў адпаведнасці з тэматычным абрадавым дзействам, гасцям “вуліц” былі прапанаваныя паказы фрагментаў рэгіянальных абрадаў, майстар-класы па народных рамёствах і дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, выставы-продажы сувенірнай прадукцыі, прэзентацыі страў нацыянальнай кухні, канцэртныя праграмы аматарскіх калектываў.

Лепшыя фальклорныя калектывы Гомельшчыны і Брэстчыны прадставілі ўнікальную традыцыйную музычную культуру не толькі на падворках-“вуліцах” сваіх раёнаў, але і ў фестывальнай праграме аўтэнтычных калектываў “Палескі карагод” і на цэнтральнай канцэртнай пляцоўцы.