Семінар і Мікольскае свята ў Гомельскім раёне

22 мая 2016 г. дзяржаўная ўстанова “Цэнтр культуры Гомельскага раёна” правяла раённы семінар для кіраўнікоў і спецыялістаў клубных устаноў на тэму “Далучэнне да нацыянальнай культуры як важны фактар духоўна-маральнага выхавання грамадзян”.

На семінар прынялі запрашэнне і вядучыя метадысты ўстановы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” Людміла Мельнікава і Ірына Глушэц, якія перадалі вопыт працы ў напрамку традыцыйнай народнай культуры на тэрыторыі Гомельскай вобласці.

Практычнай часткай мерапрыемства, што адбылося на базе Міхалькоўскага сельскага дома культуры, стаў удзел у свяце “Мікольскае кумленне”, якое падрыхтавалі кіраўнік народнага ансамбля песні “Званіцы” Руднемарымонаўскага клуба-бібліятэкі Тамара Курленка і дырэктар Міхалькоўскага сельскага дома культуры Галіна Малчанава. У свяце акрамя згаданага ансамбля “Званіцы” ўдзельнічалі таксама навучэнцы школы народна-побытавага танца Гомельскага раёна, ансамбль народнай песні “Мядуніца”, вучні ДУА “Руднемарымонаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”.

Варта адзначыць, што “Мікольскае кумленне” стала першым святам, праведзеным супрацоўнікамі клубных устаноў Гомельскага раёна на прыродзе.