Семінар “Моладзь і традыцыйная культура” ў Рэчыцы

У Рэчыцы пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і ўстановы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” адбыўся семінар “Моладзь і традыцыйная культура”. Яго ўдзельнікамі сталі кіраўнікі больш трох дзясяткаў структурных падраздзяленняў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, што сабраліся ў ДУК “Рэчыцкі гарадскі палац культуры” 13 мая 2016 г.

Удзельнікі семінара з дапамогай вядучых метадыстаў установы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” па народным традыцыям і абрадам Людмілы Мельнікавай і па этнаграфіі і фальклору Ірыны Глушэц пазнаёміліся з работай клубных устаноў вобласці па перадачы народных традыцый моладзі, прыкладамі ўдзелу моладзі ў традыцыйных веснавых абрадах Гомельшчыны. Дырэктар Рэчыцкага цэнтра рамёстваў Юлія Крагель падзялілася прадстаўленнем для дзіцяча-маладзёжнай аўдыторыі народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва як чараўніцтва, калі са звычайных непрыкметных рэчаў майстры ствараюць прыгажосць. Пра фальклор як найбагацейшую крыніцу пазнавальнага і духоўна-маральнага развіцця дзяцей і моладзі распавяла Любоў Дворак, хормайстар узорнага фальклорнага ансамбля “Азяраначка” Азершчынскага сельскага дома культуры. Падводзячы вынікі семінара, дырэктар ДУК “Рэчыцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” Таццяна Чырык падкрэсліла, што беларуская традыцыйная культура – гэта ўнікальны сродак для перадачы народнай мудрасці маладому пакаленню, таму праца з моладдзю па яе адраджэнню і захаванню з’яўляецца прыярытэтным напрамкам дзейнасці ўстаноў культуры ўсіх узроўняў.