Неглюбскія рушнікі – гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь

28 красавіка 2016 г. адбылося пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

Рашэннем сяброў Рады падтрымана прапанова аб наданні статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь Неглюбскім тэкстыльным традыцыям Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці.

Унікальнасць неглюбскай мастацкай традыцыі стала шырока вядомай у 1970-я гады дзякуючы шэрагу буйных выстаў і культурных акцый. Выдатныя прыклады ўмельства неглюбскіх майстрыц дэманстраваліся не толькі на выставах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў СССР, але і ў Італіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Японіі, Бельгіі, Францыі, Канадзе, ЗША. Неглюбскія рушнікі ўпрыгожваюць адну з залаў ААН.

Калектыў Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва з’яўляецца лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры і мастацтва 2014 года.

Падораны 30-метровы рушнік неглюбскімі майстрыхамі Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь (26 красавіка 2016 г., г. Ельск) адзначаны Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам як “самы лепшы падарунак”, якому месца ў Палацы Незалежнасці.

Цэнтрам аднаўлення тэкстыльнай традыцыі сёння з’яўляецца Неглюбскі сельскі цэнтр ткацтва. Узначальвае ўстанову Уладзімір Кавалёў, а у ткацкай майстэрні працуюць народны майстар Рэспублікі Беларусь Людміла Кавалёва, Таццяна Суглоб і Алена Дзямчыхіна. Пры цэнтры дзейнічае ткацкая майстэрня, дзе займаюцца дзеці і падлеткі, клуб ткачых – згуртаванне старэйшых носьбітаў. У цэнтры працуе крама па рэалізацыі сувенірнай прадукцыі і невялікі музейны пакой гісторыі мясцовага рамесніцтва.

Акрамя ткацтва рушнікоў, сурвэтак і іншай сувенірнай прадукцыі майстры-выкладчыкі засвойваюць выраб традыцыйнага строю – ткацтва панёў, сарочак, платкоў, намітак, выраб дзявочага галаўнога ўбору, разнастайных упрыгожанняў. Майстры і навучэнцы выкарыстоўваюць адноўленыя касцюмы ў практычнай дзейнасці.