Нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

2 жніўня 2016 года прынята пастанова Савета Міністраў № 607 “Аб наданні статусу і катэгорый гісторыка-культурнай каштоўнасці, пазбаўленні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь”.

На падставе рашэнняў Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, у Гомельскай вобласці статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нададзены 5 нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека. Гэта элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія былі прадстаўлены на разгляд навукова-метадычнай рады з красавіка 2012 па красавік 2016 году:
- Традыцыя пакланення каменным крыжам (“Каменныя дзевачкі”) вёсак Данілевічы і Баравое Лельчыцкага раёна;
- Абрад “Провады русалкі” вёскі Вялікі Бор Хойніцкага раёна;
- Спеўны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці – Сцвігі (аграгарадок Рычоў Жыткавіцкага раёна);
- Абрад гукання вясны “Чырачка” ў аграгарадку Тонеж Лельчыцкага раёна;
- Неглюбская народная тэкстыльная традыцыя (аграгарадок Неглюбка, населеныя пункты Ляда, Сініцы, Канавалава, Рэпішча, Селішча, Перадавец, Перавессе, Свабода Неглюбскага сельсавета).

Віншуем з атрыманнем афіцыйнага статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці прадстаўнікоў супольнасцей, якія захоўваюць і практыкуюць свае традыцыі, спецыялістаў устаноў культуры, экспертаў, прадстаўнікоў грамадскасці, якія працавалі над падрыхтоўкай дакументаў, мясцовыя органы улады, якія бяруць на сябе адказнасць за захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны сваіх раёнаў!