Стрэчанне ў Новым Палессі

Свята Стрэчання 15 лютага адзначылі ў вёсцы Новае Палессе, што ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці. Удзень сабраўся гурт, які абышоў вёску з веснавымі песнямі, просячы блаславіць гукаць вясну. Асноўныя завадатаркі гэтага гурта – удзельніцы фальклорнага калектыву “Палескія напевы” мясцовага сельскага клуба, які сёлета адзначае сваё 15-годдзе і з’яўляецца адным з самых адметных на Гомельшчыне. Ён, акрамя таго, што годна носіць ганаровае найменне “народны аматарскі калектыў”, з’яўляецца захавальнікам мясцовага стылю выканання традыцыйных песень, уключанага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Да свята прыбіраюць рознакаляровымі самаробнымі кветкамі елачку. Яе ўпрыгожваць, каб хутчэй прыйшла вясна: “Шоб так, як наша ёлочка хороша, шоб наша і жызнь была такая хороша!”.

Абыходзяць вёску з елачкай, асвечанымі свечкамі, абразом. Спяваюць вяснянкі і водзяць карагоды: па колу і змейкай – “крывы танок”:

Вы гуляйце, дзеўкі, не жалейце сілкі,
Ой, рано-рано, не жалейце сілкі.
Вы гуляеце, дай не знаеце,
Дай не знаеце, шо которой будзе,
Шо которой будзе, в восень замуж пойдзе.
В восень замуж пойдзе, да гуляць не пойдзе,
Ек добрый муж будзе – то й на юлку прыйдзе,
А ек паганый – край ворот постоіць,
Край ворот постоіць, ў шчыльку погледзіць.
Ў шчыльку погледзіць, горко заплачэ,
Горко заплачэ, дай у хату пойдзе.

Дзяўчынку, якая трымае елачку, некалькі хлопчыкаў пад веснавыя песні жанчын вязуць на санках да крыжа, што стаіць на ростанях у цэнтры вёскі. З просьбамі блаславіць і пажаданнямі здароўя, дабрабыту, міру елачку замацоўваюць на крыжы. Старую елачку, якая была на гэтым крыжы з мінулага году, спаляць на Вялікдзень.

Пасля танцаў і вясёлых прыпевак пад гармонік з бубнам усе разыходзяцца. Каб былі лад і дабрабыт, гаспадыні гэтым днём, памаліўшыся, запальваюць асвечаныя свечкі і абыходзяць з імі свае хаты і падворкі.