Старасельцы ў “Карагодзе сена”

Штогод “Карагод сена” на другі дзень Вялікадня збірае жыхароў аграгарадка Старое Сяло Веткаўскага раёна, што на Гомельшчыне. І ў гэтым, 2016, годзе старасельцы, сярод якіх і ўдзельнікі народнага фальклорнага ансамбля “Рэчанька” сельскага дома культуры – яго дырэктар Ала Маскаленка, кіраўнік калектыва Антаніна Болбасава,Тамара Кірчанка,Надзея Малюшына, Клаўдзія Малюшына, Валянціна Бондар, Любоў Рачкова, Ніна Паўлючкова, Наталля Хацімцова, Ганна Медзіна, сабраліся поўдня каля яго.

Грае гармонь, людзі ў добрым настроі весяляцца. Потым утвараюць карагод, які дзеліцца і разыходзіцца па баках, каб ісці па групах – на “Вялікдзень” і на “Канаплёўку”. На плячах людзі нясуць косы, граблі, вілы. Старасельскія жанчыны праходзяць па аграгарадку з песнямі. Пасля чаго ставяць вядро з зямлёю і пачынаюць “вырошчваць хрэн”, вадзіць карагод са старажытнымі абрадавымі песнямі, трыжды просяць кума даць хрэну, і так да моманту, пакуль ён не вырасце.

Старажылы расказваюць, што гэты абрад у іх існуе з колішніх часоў. Таму сустрэча жыхароў аграгарадка Старое Сяло са старажытнасцямі - невыпадковасць. Наогул жа, архаіка “Карагоду сена” – спрадвечны калаўрот жыцця, у якім і мы з вамі, сучасныя людзі.