Далучыць да народных традыцый

Кульмінацыйнае свята стралы прыходзіцца на саракавы дзень пасля Вялікадня, на Ушэсце, на “чысты чацвер”, калі адбываецца сам абрад пахавання антрапаморфнай стралы.

У вёсцы Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна прыбраныя жанчыны, удзельніцы фальклорна-этнаграфічнага гурта “Казачка” клуба народных традыцый, а таксама аднавяскоўцы і госці раёна збіраюцца ў цэнтры вёскі, водзяць карагоды па коле і спяваюць песні. Канцоўка адной мелодыі нанізваецца на другую, і гэты ланцужок расце ды пашыраецца, як сам карагод.

Вясковыя жанчыны, падзяліўшыся з карагода на роўныя шарэнгі, трымаючы адна адну пад рукі, з песнямі стралы “Як пушчу стралу, вудоль па сялу...” накіроўваюцца за вёску да жытнёвага поля. На памежку сімвалізуючы снапы жыта, дзеці дзеляцца на тры групы, паміж якімі змейкай, ужо не па коле, жанчыны водзяць карагоды “крывыя танкі”, увасабляючы ідэю засцярогі жыцця і прадаўжэння роду. І зноў гучыць песня “З крывога танка не вывяду...”. Потым з воклічкамі “Чыя каша падгарэла?” ўдзельніцы абраду спрытна кідаюцца да дзяцей, падхопліваюць іх на рукі і падкідваюць уверх, што сімвалізуе вышыню будучага ураджаю. Нясуць іх куляць у жыта, бегаюць, каб не хварэць. Зрываюць тры каласы, бяруць гузікі, манеты і закапваюць на жытнёвым полі, прыгаворваючы: “Ляжы, мая страла, да таго году, каб жывы былі ўсе і здаровы”. Людзі ўпэўнены, што словы абавязкова выклікаюць у іх жыцці або ў прыродзе жаданы вынік. Наогул жа вельмі моцнае ўздзеянне рэлігійных уяўленняў адбілася ў адным з найстаражытных жанраў вусна-паэтычнай творчасці - у загаворах. І гэта невыпадкова, бо ім прыпісвалася магічнасць уздзеяння. У загаворах чуваць водгукі старажытнай веры ў моц слова, таму ўжо напрыканцы заключнага рытуальнага дзейства вымаўлялі магічнае: “Як прайшла страла ўздоўж сяла, так, каб прайшло ўсё гора і бяда міма нас!”. Кожная жанчына зрывала па дзевяць каласкоў і спявала летнія песні. Потым гэтыя каласкі клалі каля абразоў.

Па разнастайнасці песень, карагодаў, тэатралізацыі абрадавых рытуалаў як водгукаў уміласціўлення маланкі-стралы, гэты абрад не ведае сабе роўных. Таму невыпадкова, што старажытны абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы” вёскі Казацкія Балсуны мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.