Як ішла сула дай уздоўж сяла…

2 мая 2016 г. у вёсках Гадзічава і Маркавічы Гомельскага раёна адбылося свята “Сула”.

У ранейшыя часы на другі дзень Вялікадня вадзілі “Сулу” ў некалькіх вёсках Гомельскага раёна (Глыбоцкае, Краўцоўка, Маркавічы, Гадзічава). Лічылася, што гэта садзейнічае ўраджаю агародніны, капусты. Па меркаваннях даследчыкаў, назва абрадавага свята паходзіць ад “сула” – наканечнік кап’я, таксама існуе версія, што ад дыялектнага слова, якое абазначае “вяртлявы”, “рухомы”, “непаседа”. Першая версія яшчэ больш збліжае з іншай назвай варыянтаў дадзенага абраду, пашыраных на Пасожжы: “Страла”, або “Ваджэнне і пахаванне стралы”, якія праводзяцца на Ушэсце. Гэта свята аб’ядноўвае і язычніцкі абрад, і найвялікшае свята хрысціян – Уваскрашэнне Хрыста (Вялікдзень). За савецкім часам абрадавая традыцыя была перапыненая мясцовымі ўладамі, але амаль дзесяцігоддзе таму зацікаўленыя мясцовыя жыхары з дапамогай раённага аддзела адукацыі, райвыканкама аднавілі яе на базе Маркавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Дырэктар Мікалай Пашчанка запрашае да ўдзелу ў “Суле” вучняў школ суседніх вёсак. У арганізацыі свята значная роля належыць і выдатнаму гарманісту, выпускніку мясцовай школы Віктару Шыпкову, які цяпер жыве і працуе ў Гомелі.

На гэты раз “Сула” пачалася за в. Гадзічава. Прывітаць святочнае шэсце, што суправаджалася спевамі, выходзілі і старэйшыя людзі. Па старому Кацярынінскаму шляху шэсце скіравалася ў Маркавічы, дзе адбыўся абыход вёскі. На скрыжаваннях дарог вадзілі карагоды: “Як ішла сула дай уздоўж сяла”, “Як на нашай вуліцы шырокае возера”, “А ў крывога танка да не выведу канца”, гулялі ў “Мак”, “Чарнабрывы каралёк”, “Гарэпню” і іншыя гульні. Пасля абрадавай часткі для мясцовых жыхароў, дзяцей з суседніх вёсак, гасцей з Гомеля і Мінска было арганізавана абрадавае частаванне і канцэрт. Завяршылася свята традыцыйнымі мясцовымі танцамі.