Вучоба кадраў

У Ельскім раёне Гомельскай вобласці адбыўся семінар клубных работнікаў “Этнатурызм як рэсурс культурнай ідэнтыфікацыі рэгіёну”. Аб развіцці і прасоўванні культурных праграм установамі культуры ў рамках турмаршрутаў Ельшчыны расказала прысутным намеснік дырэктара ДУК “Ельскі раённы цэнтр арганізацыі культурнага дасуга насельніцтва і метадычнай работы” Людміла Малюк. Работа ў гэтым напрамку пачалася яшчэ некалькі гадоў назад. Спачатку перад цэнтрам была пастаўлена задача дапамагчы культработнікам распрацаваць індывідуальныя культурныя этнатурыстычныя праграмы для тых клубных устаноў, якія маюць магчымасць укаранення і выкарыстання іх на практыцы. З гэтай мэтай быў праведзены навучальны семінар-практыкум па тэме “Складанне культурных анімацыйных праграм на лакальным узроўні”. Для гэтага падрыхтавалі мультымедыйную прэзентацыю “Анімацыя ў турызме” на прыкладзе вядучых аніматараў турыстычных агенцтваў, вывучылі і прааналізавалі іх вопыт у дадзеным накірунку, арганізавалі дыскусію па абмену думкамі, прапанавалі дзелавую гульню, у час якой клубным работнікам трэба было размеркавацца па групах, якім рэкамендавалі па пэўнай схеме распрацаваць прымальную для іх магчымасцяў праграму, у выніку чаго раённай метадычнай службай былі распрацаваны праграмы некалькім клубным установам. Пасля ўкаранення метадычных распрацовак для іх дапрацоўкі на практыцы праз некаторы час праехалі па кожнаму маршруту, далі рэкамендацыі паразмаўляць са старэйшымі жыхарамі, як знайсці тое, чым можна цікава дапоўніць. Галоўнае, каб праграмы былі заснаваны на мясцовым матэрыяле. Удалымі аказаліся праграмы “Добры дзень Вам, госцейкі!” Старавысокаўскага і “Калі ласка, у нашу хату!” Качышчанскага цэнтраў культуры і вольнага часу, якія ўключаны ў Ельскі турыстычны маршрут “Палескія таленты”.

З культурнай праграмай Качышчанскага цэнтра культуры і вольнага часу “Калі ласка, у нашу хату!” пазнаёміў удзельнікаў семінару дырэктар гэтай установы Мікалай Варановіч. У аграгарадку Кочышчы гасцям прапануюць наведаць этнаграфічны музей прадметаў даўніны, ажыццявіць тэатралізаваны экскурс “У калейдаскоп сялянскага жыцця”, паслухаць выступленне вакальнага калектыву “Сударушка”, паўдзельнічаць у майстар-класе па народных гульнях, побытавых танцах, пачаставацца стравамі нацыянальнай кухні.

“Добры дзень Вам, госцейкі!” – такую культурную праграму па словах і відэапрэзентацыі дырэктара Старавысокаўскага цэнтра культуры і вольнага часу Уладзіміра Невяроўскага прапаноўвае іх установа. У аграгарадку Старавысокае сумесна з гаспадарамі гасцей сустрэне... жывая каза, якая сімвалізуе урадлівасць і дабрабыт. У праграме “Старасёлскія забабоны” можна пазнаёміцца з побытам нашых продкаў, які прадстаўлены этнакутком, а таксама з выставай вырабаў народных майстроў аграгарадка, паслухаць мясцовыя легенды і паданні і паўдзельнічаць у майстар-класах па народных рамёствах і народных побытавых танцах “Старавысакоўскія выдрыганцы”, сустрэцца з носьбітамі аўтэнтычнага песеннага і танцавальнага фальклору. Тут можна таксама набыць сувенірную прадукцыю, мёд, лекавыя зёлкі, адведаць нацыянальную кухню.

У аграсядзібах “У Міхалыча” вёскі Бабруйкі, “У гасцях у залатой пчолкі” аграгарадка Старавысокае была праведзена выязная творчая лабараторыя “Сумесная работа ўстаноў культуры і аграсядзіб”, у час якой абмяркоўваліся пытанні сумеснага ўзаемадзеяння.

З помнікамі прыроды, ельскай Троіцкай царквой, знакамітай мясцовай святыняй – старадаўняй копіяй Васькоўскага абраза Боскай Маці пазнаёміла навуковы супрацоўнік музея Ала Трошка.

У маленькіх вёсках аберагаюць свае святыні – магію старажытных легенд і паданняў. Загадчыца Санюкоўскага сельскага клуба Людміла Глухатарэнка расказала легенду аб паходжанні крыніцы каля вёскі Санюкі.

Вялікай папулярнасцю не толькі ў Ельскім раёне, але і ў Гомельскай вобласці, карыстаецца рэгіянальны фестываль гарманістаў палескага краю “Грай, гармонік”.

У Ельскім раёне амаль ва ўсіх клубных установах раёна ёсць пакоі або куткі сялянскага быту, дзейнічае кампазіцыя “Ельскі фартушок” у цэнтральнай бібліятэцы, якая была сабраная з выселеных вёсак. Усе яны ўяўляюць цікавасць не толькі для жыхароў Ельшчыны, але і гасцей рэгіёну.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ельскага райвыканкама Валерый Гейхман адзначыў, што ўсёй гэтай рабоце папярэднічала даследаванне рэгіянальнай этнаграфічнай, ваенна-патрыятычнай, гісторыка- і эколага-краязнаўчай, культурнай спадчыны, яе папулярызацыя, фарміраванне ведаў у насельніцтва, далучэнне ўвагі грамадскасці да праблем захавання шляхам распрацоўкі і ўкаранення мэтавых турмаршрутаў. Валерый Якаўлевіч звярнуў увагу на тое, што раён мае багатую гісторыю, шмат прывабных месцаў, добры творчы патэнцыял, а значыць ёсць што паказаць мясцовым жыхарам і гасцям раёна, і каб далучыць мяркуемага турыста, трэба працаваць у гэтым накірунку, быць заўсёды на слыху. Дарэчы, інфармацыйна-метадычны матэрыял аб прапануемых паслугах па турыстычнаму і экскурсійнаму абслугоўванню размешчаны на сайце Ельскага райвыканкама, ідзе сумесная праца клубных устаноў, раённай метадычнай службы з аграсядзібамі, прадпрыемствамі, арганізацыямі, а таксама з Ельскім РАУС (пашпартны стол).

Рэспубліканскім і Гомельскім тэлебачаннем на гэтую тэматыку неаднаразова здымаліся спецыяльныя праграмы.

Галоўнае, што вёскі і аграгарадкі Ельскага раёна паступова пачынаюць усведамляць сябе як турыстычныя дэстынацыі.