Захаваць традыцыі

У ДУК “Жыткавіцкі гарадскі цэнтр культуры” адбыўся семінар культработнікаў Гомельскай вобласці, які арганізавалі і правялі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жыткавіцкага райвыканкама і ўстанова “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці”. Адкрылі работу семінара намеснік старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Валерый Рагалевіч і дырэктар установы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” Мікалай Шамшэня.

Удзельнікі семінара разгледзелі стан элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія знаходзяцца на тэрыторыі Гомельскай вобласці і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Сярод такіх элементаў “Ваджэнне і пахаванне стралы” вёскі Казацкія Балсуны Веткаўскага, “Юраўскі карагод” вёскі Пагост Жыткавіцкага, мясцовыя песенныя стылі выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых твораў аўтэнтычнымі фальклорнымі калектывамі вёсак Казлы Ельскага і “Палескія напевы” Новае Палессе Лельчыцкага раёнаў, а таксама элементы, якія прэтэндуюць на такі статус: спеўны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці-Сцвігі аграгарадка Рычоў Жыткавіцкага, абрад “Провады русалкі” вёскі Вялікі Бор Хойніцкага і традыцыя пакланення каменным крыжам “Каменныя дзевачкі” вёсак Данілевічы і Баравое Лельчыцкага раёнаў Гомельскай вобласці. Больш падрабязна аб фальклорна-абрадавых традыцыях расказалі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жыткавіцкага райвыканкама Алена Птушко, дырэктар Жыткавіцкага раённага цэнтра фальклору Марына Царыкевіч, загадчык аддзела культурна-дасугавай дзейнасці ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Веткаўскага раёна” Марыя Ганькіна і метадыст па фальклору і этнаграфіі Лельчыцкага раённага метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лельчыцкага райвыканкама Марыя Тушынская.

Вядучы метадыст па фальклору і этнаграфіі Калінкавіцкага раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Ніна Лешчанка пазнаёміла прысутных з абрадам “Перанос свячы”, які захавалі жыхары вёскі Навінкі, аб старажытным народным свяце сена аграгарадка Старое Сяло Веткаўскага і хрысціянскім свяце Міколы ў народнай традыцыі жыхароў вёскі Прудок Мазырскага раёнаў расказалі кіраўнік народнага фальклорнага калектыву “Рэчанька” сельскага дома культуры Антаніна Болбасава і дырэктар Прудкоўскага сельскага дома культуры Наталля Прус.

Усе выступоўцы звярнулі ўвагу на захаванне і папулярызацыю элементаў, падтрымку носьбітаў і падзяліліся практыкай работы ў гэтым накірунку ў іх раёнах. Навучэнцы старэйшых класаў Вялікаборскай сярэдняй школы Хойніцкага раёна развучваюць русальныя песні і самі прымаюць удзел у старажытным абрадзе “Провады русалкі” як транслятары фальклорна-абрадавай традыцыі. Пры Свяцілавіцкім цэнтры культуры і вольнага часу Веткаўскага раёна дзейнічае ўзорны фальклорны калектыў “Задорынка”, удзельніцы якога вывучаюць і пераймаюць манеру спеваў у носьбітаў песенных традыцый вёскі Казацкія Балсуны і на працягу апошніх пяці гадоў з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі правядзення абраду “Ваджэнне і пахаванне стралы”, на які з’язджаюцца жыхары суседніх пасёлкаў і вёсак, аграгарадкоў Вялікія Нямкі і Свяцілавічы. Да правядзення абраду “Юраўскі карагод” жыхарамі Пагоста, у ліку якіх – удзельнікі народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву “Міжрэчча” Пагосцкага сельскага клуба-бібліятэкі з мэтай захавання і папулярызацыі гэтай фальклорна-абрадавай традыцыі штогод для ўдзелу ў ёй запрашаюцца навучэнцы ДУА “Азяранскі дзіцячы сад – сярэдняя школа”, кіраўнікі і ўдзельнікі фальклорна-этнаграфічных і фальклорных калектываў Тураўшчыны, дзе ў населеных пунктах таксама бытуе “Юр’е”.

Носьбіты фальклору вёскі Новае Палессе перадаюць манеру выканання колішніх народных песень маладому пакаленню. У створанай “Сялянскай хаце” пры Нова-Палескім сельскім клубе сумесна з дзіцячым клубам “Малышок” і навучэнцамі Ударнянскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы праводзяцца вечары народнай песні “Матчыны напевы”, “Песню нясем праз жыццё”, фальклорныя вечарыны “Той народ жыве, што песні пяе”, “Нас матчына песня ўзрасціла” і іншыя. У Новым Палессі стала традыцыйным правядзенне народных святаў і абрадаў “Грамніцы”, “Юр’е”, “Ваджэнне Маі” на Троіцу.

Маніторынг песенных стыляў выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых твораў аўтэнтычнымі фальклорнымі калектывамі праходзіў у час мерапрыемстваў. Народны фальклорны ансамбль “Дубравіца” Рычоўскага цэнтра традыцыйнай культуры Жыткавіцкага раёна прымаў удзел у VІІІ Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня” (г.п. Акцябрскі) і Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый “Покліч Палесся” (н.п. Ляскавічы Петрыкаўскага раёна), дзе таксама ўдзельнічалі народны фальклорны калектыў “Палескія напевы” Нова-Палескага сельскага клуба Лельчыцкага і фальклорны калектыў Казлоўскага сельскага дома народнай творчасці Ельскага раёнаў. Фальклорны калектыў н.п. Казлы прымаў удзел у VІІІ рэгіянальным фестывалі “Грай, гармонік” (г. Ельск), у конкурсе “Нацыянальная кухня Ельшчыны”. Праходзілі іх творчыя сустрэчы з народным ансамблем народнай песні “Ясенец” Падгальскага, вакальным ансамблем Засінцаўскага сельскіх дамоў культуры, з фальклорным калектывам “Рудняначка” Валаўскаруднянскага сельскага клуба-бібліятэкі і фальклорным калектывам Санюкоўскага сельскага клуба, адбылася сустрэча з навучэнцамі Засінцаўскай сярэдняй школы.

На выставе-прэзентацыі Ельскага раёна ў Гомелі былі прадстаўлены шматлікім гасцям СД-дыскі са старажытнымі песнямі ў выкананні Казлоўскага калектыву.

З удзелам народнага фальклорнага ансамбля “Дубравіца” Рычоўскага цэнтра традыцыйнай культуры штогод у н.п. Рычоў праходзіць “Міхайлаўскі кірмаш”, на які з’язджаюцца госці з усяго раёна.

У час правядзення абраду “Перанос свячы” на другі дзень Троіцы ў Навінках Калінкавіцкага і святкавання веснавога Міколы ў Прудку Мазырскага раёнаў збіраецца шмат людзей, сярод якіх дзеці і моладзь, якія не толькі з задавальненнем назіраюць за гэтымі дзеяннямі, але і самі актыўна ўдзельчаюць у іх.

Як адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жыткавіцкага райвыканкама Сяргей Агіевіч, галоўнае ў гэтай справе – утрыманне старажытных фальклорна-абрадавых традыцый, якія зараз бытуюць у актыўнай форме, іх папулярызацыя і перадача гэтых традыцый дзецям і моладзі.

Штогод установа “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” сумесна з метадычнымі службамі раёнаў вобласці праводзяць маніторынг старажытных святаў і абрадаў, які вось ужо на працягу апошніх 17 гадоў пацвярджае іх жыццядзейнасць.

Удзельнікі семінара наведалі аб’екты гісторыка-культурнага і рэлігійнага турызму г. Тураў, пабывалі на прэзентацыі элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Спеўны стыль Тураўскага Міжрэчча Прыпяці-Сцвігі”, якую правёў народны фальклорны ансамбль “Дубравіца” Рычоўскага цэнтра традыцыйнай культуры Жыткавіцкага раёна, а таксама з удзельнікамі фальклорных калектываў Жыткавіцкага, Лельчыцкага, Петрыкаўскага раёнаў Гомельскай вобласці, Любанскага раёна Мінскай вобласці сталі гасцямі старажытнага абраду “Юраўскі карагод” вёскі Пагост. Акрамя гэтага семінарысты пазнаёміліся з выставай абрадавай атрыбутыкі і вырабамі майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва жыхароў Пагоста.